United Airlines, другая паводле памеру авіякампанія ЗША, імкліва набліжаецца да банкруцтва. Авіякампанія зьвярнулася да дзяржаўнай Камісіі па стабілізацыі авіятранспарту па гарантыю на прыватную пазыку ў памеры 1,8 мільярдаў даляраў, але ўчора атрымала адмову. Акцыі кампаніі адразу ж упалі на 60% на Нью-Ёркскай акцыянэрнай біржы. Адмова ў дзяржаўнай гарантыі на пазыку азначае, што зараз цэлая армія юрыстаў і кансультантаў будзе рыхтаваць дакумэнты, каб зарэгістраваць банкруцтва United Airlines у гэтыя выхадныя. Адзін з законаў, паводле якога рэгіструецца банкруцтва, называецца Разьдзел 11 (Chapter 11). Звычайна ўмовы гарантыі і самой пазыкі вымагаюць ад кампаніі агрэсіўнага пляну рэарганізацыі працы і паступовага выхаду з фінансавага крызысу. У выпадку з авіякампаніяй, Камісія па стабілізацыі палічыла, што плян United Airlines ня быў дастаткова моцны, каб у будучым забясьпечыць выплату пазыкі. Як сказаў Дэніэл Мангамэры, выканаўчы дырэктар Камісіі, “для падаткаплацельцаў ЗША гэта была б безпадстаўна вялікая рызыка”.
Банкруцтва, аднак, зусім не азначае, што кампанія перастане працаваць. Дагэтуль авіякампанія рабіла прыкладна 2 тысячы палётаў штодня і плянуе й надалей трымацца падобнага раскладу. Аднак пасьля рэгістрацыі банкруцтва ў судзе, ужо суд будзе вызначаць далейшыя ўмовы існаваньня і працы кампаніі. Разьдзел 11 абароніць United Airlines ад крэдытораў, але адначасова акцыі кампаніі ператворацца ў паперу і лёс кампаніі будзе вызначацца судзьдзём, а не акцыянэрамі.
Банкруцтва многіх вялікіх і сярэдніх бізнэсаў за апошні год прывяло да страты соцень тысяч працоўных месцаў. Сярэдні амэрыканец, як вядома, жыве ў доўг. Пераважная бальшыня мае пазыкі за дом, адукацыю і крэдытныя карткі. Страта працы і адсутнасьць ашчаджэньняў прывялі да таго, што многія сем’і ня ў стане больш аплочваць свае месячныя выдаткі і мусяць рэгістраваць пэрсанальныя банкруцтвы. Паводле дадзеных амэрыканскіх судоў, сёлета было зарэгістравана болей за паўтара мільёна пэрсанальных банкруцтваў, што на амаль 8% болей, чым летась. Ёсьць 2 віды рэгістрацыі пэрсанальных банкруцтваў. Адзін пакідае за чалавекам дом і вымагае выплаты ўсіх пазык па частках. Другі від забірае ў чалавека ўсю маёмасьць, апроч пэнсійных фондаў, і анулюе ўсе даўгі.
Сыстэма банкруцтваў у цэлым дапамагае эканоміцы пазбавіцца ад накапіцеляў даўгоў і вымагае ад іх пераарыентацыі на прыбытковасьць. Калі гэты шанец ня выкарыстаны, дык ані прадпрыемства, ані індывідуум не атрымаюць болей крэдыту.