Адпаведны дакумэнт, адрасаваны абласным выканкамам, падпісаў прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі. На 1 сьнежня афіцыйна амаль палова калгасаў і саўгасаў не разьлічылася цалкам са сваімі работнікамі — запазычанасьць склала 46 мільярдаў рублёў. Але, на думку былога кіраўніка рэспубліканскага прафсаюзу аграпрамысловага комплексу Аляксандра Ярашука, сытуацыя значна горшая.
(Ярашук: ) “Калі гэтую праблему зрабілі ня столькі эканамічнай, колькі палітычнай, дык старшыні калгасаў, якія вымушаныя адказваць за стан выплаты заробкаў, наўмысна не паказваюць рэальную запазычанасьць. Яны гасяць 5–10% ад запазычанасьці й лічаць, што яна быццам бы пагашаная. На самой справе сёньня можна адказна сказаць, што своечасова выплачвае заробкі нейкая нязначная частка калгасаў і саўгасаў. Абсалютная большасьць іх у той ці іншай ступені мае пастаянную запазычанасьць”.
Пастанова, падпісаная прэм’ерам, цяпер дазваляе скарыстоўваць на заробак 25% грошай за прададзеную прадукцыю. Ці дастаткова гэтага для разьліку?
(Ярашук : ) “Сёньня стан справаў такі, што значная частка гаспадарак мае такую малую выручку, якая нават не пакрывае ўсю суму заробкаў. Калі ўвядуць такое рэглямэнтаваньне, дык даярцы ці мэханізатару будуць налічваць заробак 10–20 тысяч рублёў”.
Захады, прапанаваныя для скарачэньня запазычанасьці заробкаў вяскоўцаў, выклікалі ў майго суразмоўцы зьдзіўленьне. Напрыклад, прапануецца перавесьці на скарочаны дзень кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў з адпаведным зьмяншэньнем заробку. Атрымліваецца, што старшыня калгасу толькі паўдня павінен кіраваць гаспадаркай, а потым паўдня калгас будзе ўвогуле без старшыні. Разьлік зь вяскоўцамі праз канкрэтныя крамы спажывецкай каапэрацыі прывязвае іх да гэтых пунктаў, хаця ў іншым месцы можна набыць неабходныя тавары і таньней, і лепшай якасьці.
Я спытаўся ў Аляксандра Ярашука, як, на ягоную думку, могуць адрэагаваць на гэта вяскоўцы, заробкі якіх і без таго былі мізэрныя.
(Ярашук: ) “Калі ўсё адбываецца адразу, дык чалавек у момант абурэньня можа зрабіць усё, што хочаш. Але калі гэта адбываецца паступова, а ў нас якраз усё і адбывалася паступова (крок за крокам вымывалі сродкі з калгасаў, існуе дыспарытэт цэнаў, адсутнасьць рэальнага рэфармаваньня), дык беднаму чалавеку проста няма куды дзецца. Калі б ён і хацеў кудысьці пайсьці на сяле, мы ведаем, якія там магчымасьці для працаўладкаваньня”.