Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНДЛЁВЫЯ ВОЙНЫ СЯРЭДНЯЙ ЭЎРОПЫ


Натальля Судлянкова, Прага

Сапраўдная вайна пачынаецца паміж Румыніяй і Вугоршчынай. Яе вядуць вытворцы спэцыфічнай алькагольнай прадукыі – фруктовага сьпірту. У Вугоршчыне ён называецца палінка. У Румыніі вырабляецца брэнды з практычна ідэнтычнай назвай. У пэўным сэнсе слова сёньняшнія канфлікты дасталіся гэтым краінам у спадчыну ад вялікай Аўстра-Вугорскай імпэрыі, калі выраб пад назвай “палінка” быў распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі, дзе ва ўладзе была дынастыя Габсбургаў.

Вугоршчына зьбіраецца далучыцца да Эўразьвязу ў 2004 годзе. І ўжо зараз інтэнсіўна вядзе перамовы аб абароне на тэрыторыі аб’яднанай Эўропы сваёй прадукцыі. Кіраўніцтва Вугоршчыны фактычна жадае атрымаць эксклюзіўнае права на продаж фруктовага сьпірту пад назвай палінка на тэрыторыі краінаў – сябраў Эўразьвязу. Гэта ёсьць адным зь істотных пытаньняў пры абмеркаваньні артыкулу дамовы аб далучэньні, зьвязанага з аграпрамысловым комплексам.

Румынія да Эўразьвязу, відавочна, далучыцца не раней, чым у 2007 годзе. І алькагольныя прадпрыемствы Румыніі зараз вельмі заклапочаныя магчымым прыярытэтам Вугоршчыны на гандлёвую значку “палінка”.

Кіраўнік румынскай асацыяцыі вытворцаў алькаголю Ромулус Даскула ў інтэрвію нашаму радыё заявіў, што сябры ягонай асацыяцыі гатовыя падаваць скаргі ў эўрапейскія суды з патрабаваньнем кампэнсаваць страты, якія яны панясуць у выпадку набыцьця Вугоршчынай эксклюзіву на палінку. Даскула заўважыў, што найбольш істотныя страты будуць у прадпрыемстваў Трансільваніі, дзе вытворчасьць фруктовага сьпірту зьяўляецца адной з асноўных крыніцаў прыбыткаў і, адпаведна, падаткаў. Першыя ацэнкі магчымых стратаў дасягаюць 150 – 200 мільёнаў эўра за год, што для Румыніі прадстаўляе сабой грандыёзную суму.

Са свайго боку, прадстаўнікі Вугоршчыны перакананыя, што гаворка ідзе аб розных прадуктах, якія маюць, тым ня менш, адную назву. Яны прыгадваюць, што маюць поўнае права абараняць назву сваіх вырабаў, як, напрыклад, Італія абараняе назву “грапа” для вінаграднай водкі.

Яшчэ адная краіна-кандыдат на далучэньне да Эўразьвязу – Славаччына вырабляе брынзу, Румынія , у сваю чаргу – брынза дэ бурдуф – аналягічны прадукт. Ізноў далучэньне Славаччыны да зьвязу можа паставіць перашкоды на рэалізацыі румынскіх вырабаў у Эўропе.

Прадстаўнікі Румыніі ўжо заявілі, што прад’явяць у Эўразьвяз сьпіс сваёй традыцыйнай сельскагаспадарчай прадукцыі, каб мець магчымасьць абараніць свае гандлёвыя значкі. Пакуль невядома, як чыноўнікі Эўразьвязу паставяцца да гандлёвых войнаў сваіх будучых сябраў, але Брусэль ўжо адказна заявіў, што ніхто са спажыўцоў ня згубіць магчымасці частавацца сваімі ўлюбёнымі прадуктамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG