Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ПАЛОХАЕ КРАІНЫ-КАНДЫДАТЫ НА ДАЛУЧЭНЬНЕ ДА ЭЎРАЗЬВЯЗУ ВЯЛІКІМІ СТРАТАМІ


Уладзімер Глод, Менск

Кіраўнік беларускай дэлегацыі на перамовах у Вільні, намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Міхневіч тлумачыць сутнасьць праблемы на прыкладзе Польшчы.

(Міхневіч: ) "Сёньня мы пастаўляем калійных угнаеньняў у Польшчу на 60 мільёнаў даляраў. Калі ня зможам больш іх туды пастаўляць – якая альтэрнатыва у польскіх фэрмэраў? Яна толькі адна – купляць угнаеньні ў рамках Эўразьвязу, якія прыкладна на 50-60 даляраў даражэй, чым нашыя. Аднак у кампэнсацыйных мерах, якія прадугледжвае Эўразьвяз адносна сельскай гаспадаркі Польшчы, гэтая сума не прадугледжаная. Гэта азначае, што ўмовы гаспадараньня польскіх фэрмэраў пагоршацца і іхная прадукцыя будзе яшчэ менш канкурэтаздольнай у Эўропе. Пра гэта трэба думаць, і гэта мусіць выклікаць трывогу ня толькі ў нас, але і ў палякаў".

Цяпер на рынках Эўразьвязу існуюць абмежаваньні ў колькасных памерах для паставак пяці відаў беларускай прадукцыі. Акрамя калійных угнаеньняў, гэта карбамід, карбамідна-аміячная сумесь, хімічны джут, хімічныя валокны. Згодна з умовамі ўступленьня ў Эўразьвяз, санкцыі аўтаматычна пераносяцца і на новыя краіны, што далучаюцца да зьвязу.

Што ў гэтых умовах будуць рабіць суседзі Беларусі? На гэтае пытаньне па тэлефоне зь Вільні адказвае дарадца дэпартамэнту эканомікі Міністэрства замежных справаў Літвы спадар Яблонскас:

(Яблонскас: ) "Я хацеў бы адзначыць, што мы з Эўразьвязам цалкам узгаднілі так званы 26 разьдзел "Зьнешнія адносіны", у якім гаворыцца, што Літва цалкам далучаецца да той палітыкі зьнешняга гандлю, якую Эўразьвяз ужо мае з так званымі трэцімі краінамі. Я думаю, што ніякіх выключэньняў увогуле не існуе. А ёсьць адзіны эўрапейскі рынак. І на ім выключэньняў проста не існуе".

Беларусь актыўна спрабуе зьвярнуць увагу эўрапейцаў на гэтае пытаньне. Аляксандар Міхневіч паведаміў, у прыватнасьці, што Беларусь не абмяжоўваецца непасрэднымі перамовамі з краінамі-кандыдатамі на далучэньне да Эўразьвязу. Усе матэрыялы накіроўваюцца у Брусэль, маўляў, вазьміце пад увагу, што пашырэньне Эўразьвязу можа прынесьці страты вашым будучым партнэрам. Пры гэтым Менск разьлічвае знайсьці новыя альтэрнатыўныя рынкі для сваіх тавараў. Днямі зьявілася інфармацыя, што Беларусь прапаноўвае пашырыць продаж калійных угнаеньняў Кітаю. І Пекін, быццам, згодны на гэта. Але адна справа – давезьці груз да суседняй Польшчы, і зусім іншая – да Кітаю. Выдаткі на транспарт узрастаюць у некалькі разоў, і гэтыя страты панясе найперш Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG