Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАЕ ПІВА ПЕРАХОДЗІЦЬ У РАЗРАД АКЦЫЗНЫХ ТАВАРАЎ, ШТО ПРЫВЯДЗЕ ДА ЯГОНАГА ІСТОТНАГА ПАДАРАЖАНЬНЯ


Ігар Карней, Менск

Паводле прагнозаў, кошт розных гатункаў гэтага напою падвысіцца ў 1,5-2 разы.

Паводле ацэнак адмыслоўцаў міністэрства гандлю, доля расейскага піва на беларускім рынку перавысіла 50% ад агульнай колькасьці. Яшчэ 5% прыходзіцца на нямецкія, галяндзкія, дацкія маркі. І калі піва з той жа Галяндыі наўрад ці можа складаць канкурэнцыю беларускаму найперш з прычыны высокага кошту, то расейская экспансія хвалюе чыноўнікаў усур'ёз. Розьніца ў кошце паміж беларускім і расейскім півам увесь час скарачаеццца, тады як паводле якасьці беларускія гатункі істотна саступаюць. Таму захады Савету міністраў закрануць найперш расейскіх вытворцаў, якія знайшлі ў Беларусі практычна безальтэрнатыўную гандлёвую прастору. Дакладней, рэальную канкурэнцыю ім тут складаюць свае ж, расейскія пастаўшчыкі.

На самым магутным расейскім бровары "Балтыка" пра намер беларусаў клеіць акцызныя маркі на кожную бутэльку піва зь берагоў Нявы даведаліся сёньня. Кажуць, што з падобнай практыкай сустракаюцца ўпершыню. У адказ на маё тэлефанаваньне кіраўнік дэпартамэнту экспарту піцерскага бровару Юрый Кісер прызнаўся, што якраз вывучае пастанову Савету міністраў і мажлівыя наступствы для бізнэсу.

(Кісер: ) "Я бачу, што будуць пэўныя цяжкасьці, але якога характару — зараз цяжка ацаніць. Бо неабходна ўсё пралічыць, валодаць лічбамі. Безумоўна, у тым выпадку, калі будзе абавязковы акцызны збор, цана нашага піва на вашым рынку аўтаматычна падвысіцца. Але вельмі рана нешта аналізаваць і аб нечым спрачацца. Пакуль ўшчыльную працую зь першакрыніцамі".

У Савеце міністраў Беларусі перавод імпартовага піва зь неакцызнай катэгорыі ў акцызную тлумачаць найперш спробай упарадкаваць увоз гэтага прадукту, бо дагэтуль жорсткага кантролю за насычэньнем піўнога рынку не было.

Вытворчасьць беларускага піва імкліва скарачаецца: састарэлае абсталяваньне мясцовых бровараў не дазваляе выйсьці на большыя магутнасьці, ня страціўшы і без таго невысокую якасьць. Да таго ж досьвед няўдалага супрацоўніцтва "Балтыкі" і менскай "Крыніцы", а таксама маскоўскага "Очакова" і слуцкага бровару пакуль не даюць падставаў да спадзяваньняў на станоўчыя перамены інвэстыцыйнага клімату.

Эканамісты ўжо прагназуюць, што саўмінаўскія захады прывядуць да вельмі непрывабнай сытуацыі: адносна прыстойнае паводле якасьці і кошту расейскае піва стане ў адзін шэраг з раней прыгаданымі дарагімі нямецкімі ды дацкімі напоямі, тады як таннае піва беларускае так і застанецца півам, так бы мовіць, другога гатунку. Прынамсі, падставаў да відавочнага станоўчага прарыву на піўным фронце не прадбачыцца. Зьменіцца і парадак гандлю імпартовым (фактычна — расейскім) півам: замест генэральнай ліцэнзіі, што дзейнічала цягам году, гандлярам будуць выдавацца разавыя дазволы на пастаўкі замежнага піва. Такім чынам, практычна кожная партыя замежнага піва будзе пад кантролем дзяржавы.

Чарговыя захады беларускіх уладаў супраць расейскіх вытворцаў адбываюцца на тле размоваў пра агульную гандлёвую прастору з аднолькавымі нормамі падаткаабкладаньня, мытнымі і акцызнымі тарыфамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG