Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНФЛІКТ ПАМІЖ МАКДОНАЛЬДЗАМ І БДУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Абодва бакі сьцьвярджаюць, што маюць рацыю.

Вось ужо некалькі дзён будынак вакзальнага МакДональдзу аточаны жалезнай агароджай. Учора ўвечары каля адзінай уваходнай брамы зьявіліся ахоўнікі з БДУ, якія заявілі, што на гэтым месцы пачынаецца будоўля і папрасілі наведнікаў рэстарацыі пакінуць тэрыторыю рэстарана.

Падобная карціна назіралася і сёньня раніцай. Ахоўнікі зачынілі браму перад носам абураных наведнікаў, але пасьля пратэсту змушаныя былі прапускаць аматараў гамбургераў.

Сёньня кіраўніцтва замежнага прадпрыемства Рэстарацыі МакДональдз паведаміла, што рашэньне рэктарату БДУ аб будаўніцтве новага корпусу ўнівэрсытэту істотна парушае іх правы і інтарэсы, а таксама беларускае заканадаўства.

Рэч у тым, што 6 гадоў таму Менгарвыканкам даў гэты кавалак зямлі ў арэнду МакДональдзу на 39 гадоў. Гэтага рашэньня гарадзкія ўлады не адмянілі і дагэтуль. Але летась прынялі іншае, дазволіўшы будаўніцтва побач з рэстарацыяй новага корпусу ўнівэрсытэту.

Праўда, у гэтым рашэньні ёсьць пункт, паводле якога будаўніцтва магчымае толькі пасьля ўзгадненьня ўсіх спрэчных момантаў паміж кіраўніцтвам МакДональдза і БДУ. Гэтае пагадненьне не заключанае дагэтуль.

Кіраўніцтва МакДональдза хоча, каб унівэрсытэт уласным коштам праёў кансэрвацыю будынку рэстарацыі ды аплаціў страхоўку і часткова аплаціў магчымыя страты, што панясе кампанія за тыя 2 гады, пакуль рэстарацыя будзе зачыненая.

Рэктар БДУ Аляксандар Казулін гаворыць, што ва ўнівэрсытэта няма грошай, каб аплаціць усе патрабаваньні МакДональдза. Казулін кажа, што БДУ лягчэй за свае сродкі пабудаваць новую рэстарацыю, гэта ён і прапанаваў кіраўніцтву МакДональдза. Але тыя адмовіліся.

Начальнік аддзелу маркетынга і грамадзкіх сувязяў Вольга Траян лічыць, што валюнтарысцкае рашэньне кіраўніцтва БДУ пашкодзіць інтарэсам дзяржавы, яе інтарэсам і прэстыжу Беларусі у вачах патэнцыйных інвэстараў:

(Траян: ) “Рэстаран на прывакзальнай плошчы ў дзень наведвае 9 тысячаў чалавек. Гэта самая буйная зь менскіх рэстарацыяў МакДональдз. Натуральна, закрыцьцё рэстарацыі – гэта страта ў выглядзе недаатрыманьня прыбытку, а для бюджэту – падаткаў. Няма прыбытку, няма і падаткаабкладальнай базы. І чым большым будзе тэрмін будаўніцтва, тым большымі будуць гэтыя сумы”.

Паводле словаў Траян, МакДональдз зьяўляецца адным з самых буйных замежных інвэстараў у Беларусі. Ён інвэставаў у эканоміку Беларусі больш за 14 мільёнаў даляраў, у мінулым годзе выплаціў падаткаў на суму 3.5 мільёнаў даляраў і яшчэ больш за мільён ахвяраваў на дабрачыннасьць.

У Менску разгарэўся канфлікт паміж кіраўніцтвам БДУ і дырэкцыяй рэстарацыяў МакДональдз. Прычына – пачатак будаўніцтва новага корпусу факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ каля МакДональдз, насупраць менскага вакзалу.

Абодва бакі сьцьвярджаюць, што маюць рацыю.

Паводле спадарыні Траян, МакДональдз разумее, што БДУ – не багатая бюджэтная ўстанова, таму не патрабуе ад кіраўніцтва ўнівэрсытэту поўнай кампэнсацыі стратаў. Рэктар БДУ Аляксандар Казулін перакананы, што апроч звышпрыбыткаў МакДональдз нічога не цікавіць:

(Казулін: ) “МакДональдз працуе сам на сябе і зьяўляецца самым прыбытковым прадпрыемствам на тэрыторыі Эўропы. Нідзе ў сьвеце яны не атрымліваюць столькі дывідэндаў як у Беларусі. Яны завозяць усе харчы не зь Беларусі, а з-за мяжы. Калі палічыць, што яны зрабілі для Беларусі… Дык яны тут проста вельмі моцна зарабляюць. Не ўлічваючы інтарэсаў Беларусі і беларускага народу.

Я за час свайго рэктарства размаўляў з многімі інвэстарамі. Любы нармальны інвэстар заўсёды ўлічвае інтарэсы адукацыі, навукі, культуры. Я ня бачыў ніводнага нармальнага чалавека, у якога ў парадку з галавой, каб ён гэтага ня ўлічваў”.

Рэктар Белдзяржунівэрсытэту лічыць, што гэты інцыдэнт з МакДональдзам не напалохае іншых патэнцыйных інвэстараў. Яны будуць укладаць грошы ў эканоміку Беларусі. Рэктар таксама сказаў, што ніхто не зьбіраецца зьнішчаць будынку рэстарацыі і пагадненьне з МакДональдзам будзе заключанае. Але на ўмовах унівэрсытэту.

Тым часам кіраўніцтва МакДональдзу сёньня зьвярнулася да беларускіх уладаў з заклікам прыняць меры і не дапусьціць парушэньня заканадаўства. Рэстаран рыхтуецца адстойваць свае правы ў судзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG