Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯ 500 РАБОЧЫХ АДПРАВІЛА Ў ВЫМУШАНЫ АДПАЧЫНАК АКЦЫЯНЭРНАЕ ТАВАРЫСТВА “БЕЛАРУСЬКАБЭЛЬ”


Казімер Яноўскі, Мазыр

Мазырцы вырабляюць з расейскай меднай качанкі мантажны, авіяцыйны ды іншы эмаляваны кабэль. З прычыны адсутнасьці медзі кіраўніцтва і прасіла рабочых двух асноўных вытворчых цэхаў пайсьці ў вымушаны адпачынак з захаваньнем дзьвюх трацінаў сярэдняга заробку.

Тэхнічны дырэктар кабэльнага заводу Віктар Аўчыньнікаў так патлумачыў сытуацыю:

(Аўчыньнікаў: ) “Гэта не сакрэтная інфармацыя. Асноўны пастаўшчык у нас — Расейская Фэдэрацыя. У Беларусі медная качанка не вырабляецца. Расейскія заводы-пастаўшчыкі таксама ў адпачынку з-за адсутнасьці меднай сыравіны. Яна ідзе з Нарыльскага камбінату. Там вядзецца нейкая сур’ёзная цэнавая гульня. І паколькі аб’ёмы ў нас невялікія — усяго 4% меднай прадукцыі, то мы і апынуліся ў форс-мажорных абставінах”.

Складанасьці зьявіліся ў заводу і са збытам кабэльнай прадукцыі. Абараняючы сваіх вытворцаў, ад яе адмовілася Ўкраіна. Раней яна забірала ў Мазыры да 40% вырабленага меднага кабэлю.

Вярнуць рабочых на свае працоўныя месцы кіраўнікі кабэльнага заводу мяркуюць толькі пры канцы першай дэкады жніўня, калі прагназуецца загрузка сыравінай расейскіх вытворцаў меднай качанкі.

Пэўныя надзеі ў забесьпячэньні прадпрыемства медзю мазырцы ўскладаюць і на свайго партнэра — фірму “Таліён”. Праўда, апошнім часам у Мазыры ходзяць чуткі, што фірма ня супраць атрымаць наўзамен акцыі “Беларуськабэлю”. З кіраўніком фірмы Ўладзімерам Пархутам мне зьвязацца не ўдалося, а вось мэнэджэр “Таліёну” Павел Сайкоўскі наконт акцыяў сказаў наступнае:

(Сайкоўскі: ) “Дакладную інфармацыю даць вам не магу, але, магчыма, гэта было б і някепска”.

Якасная медзь ёсьць ва Ўзбэкістане, але паслугамі гэтай краіны мазыскія вытворцы не карыстаюцца. Там не прымаюць бартэрных схемаў, а патрабуюць разьлікаў у валюце. Атсутнасьць валюты стрымлівае таксама кантакты мазырцаў з вытворцамі медзі з Польшчы і Нямеччыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG