На апошняй калегіі МЗС Аляксандар Лукашэнка заявіў прэм’ер-міністру Генадзю Навіцкаму наступнае: “Тыя факты, што Эўразьвяз і ЗША ўжываюць дыскрымінацыйныя захады супраць нашага экспарту, могуць мець нейкае тлумачэньне, але мы ўсё адно ня можам дараваць гэтага. Яны ня лічаць нас роўнымі, мякка кажучы. Але калі Ўкраіна, наш найбліжэйшы сусед, пачынае рабіць падобныя трукі, тады, спадар Навіцкі, вашую бязьдзейнасьць нельга апраўдаць. Украіна лічыць Беларусь краінай зь нярынкавай эканомікай! Вы толькі паглядзіце на тую рынкавую эканоміку!” — з сарказмам заявіў спадар Лукашэнка й дадаў, што ўкраінцы спрабуюць дыктаваць свае ўмовы эканамічнага супрацоўніцтва ды ўсталёўваюць абмежаваньні на беларускі экспарт.
Па камэнтар да Лукашэнкавай заявы я зьвярнуўся да прэсавага сакратара амбасады Ўкраіны ў Менску Алега Алійныка:
(Алійнык: ) “Ды не, не камэнтуем мы гэта. Прамой палемікі ня будзе, таму што мы ўжо адказвалі на такую рэпліку аднойчы ў газэце “Народная Воля” — у пляне ўсталяваньня антыдэмпінгавых сродкаў ці “дыскрымінацыйных”, як кажа Лукашэнка. Пра гэта ўжо гаварылася ім жа — падчас сустрэчы з мэрам Кіева Амельчанкам у красавіку сёлета. У чэрвені мы адказалі на гэта”.
Міністэрства эканомікі й пытаньняў эўрапейскае інтэграцыі Ўкраіны ўнесла Беларусь у сьпіс дзяржаваў зь нярынкавай эканомікай, што вельмі раззлавала Аляксандра Лукашэнку. Аднак афіцыйны Кіеў сваю думку мяняць не зьбіраецца.
Тым часам міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў, аналізуючы рэзкае скарачэньне беларускага экспарту ўва Ўкраіну, прызнаў, што была недастатковай і праца ўсяго МЗС, і ягоная праца як міністра. Спадар Хвастоў пацьвердзіў, што ўзровень экспарту трымаўся за кошт нафтапрадуктаў, але задаў рытарычнае пытаньне: “Дзе ж была стратэгія ўраду, МЗС?” Кіраўнік дыпляматычнага ведамства таксама сказаў, што дасягнуць ранейшага ўзроўню тавараабароту з Украінай будзе складана.
Таму МЗС лічыць “найважнейшымі” чарговыя перамовы з украінскім бокам, што пройдуць 1–2 жніўня ў Мазыры. Там на паседжаньні міжурадавае камісіі бакі абмяркуюць асноўныя кірункі павелічэньня тавараабароту.
У Мазыры, як плянуецца, будуць падпісаныя тры пагадненьні, сярод якіх няма доўгачаканай дамовы пра разьвязаньне праблемы ўкраінскіх даўгоў. Нагадаю, што кіраўнікі Ўкраіны й Беларусі даручылі сваім прэм’ерам вырашыць гэтую праблему да 15 чэрвеня. Калі гэта адбудзецца? Вось як адказаў на гэтае пытаньне прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка:
(Латушка: ) “Пытаньне фінансавае запазычанасьці будзе абмяркоўвацца. Прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны дамовіліся, што рашэньне па пытаньні фінансавае запазычанасьці будзе знойдзенае да 15 чэрвеня. Мы аб гэтым ведаем. Падчас сустрэчы прэм’ераў дзьвюх краін узьнік шэраг дадатковых пытаньняў. Што тычыцца тэрмінаў, то трэба адзначыць, што гэта — працэс”.