Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРА НА БЕЛАРУСКІМ РЫНКУ: НАСТУПСТВЫ РОСТУ КУРСУ АГУЛЬНАЭЎРАПЕЙСКАЙ ВАЛЮТЫ


Міхал Стэльмак, Менск

Фінансавыя падзеі, зьвязаныя з умацаваньнем эўра і дэвальвацыяй даляра на міжнародных рынках, выклікаюць пільную ўвагу і ў Беларусі. У прыватнасьці, сочаць за гэтымі падзеямі кіраўнікі Нацыянальнага банку. Як паводзіць сябе эўра на беларускім рынку? Што адбываецца з абменным курсам беларускага рубля?

Вось што зазначыў на гэты конт нашаму радыё прэсавы сакратар старшыні Нацбанку Міхаіл Журавовіч:

(Журавовіч: ) “Пакуль стабільнасьці эўра ў адносінах да беларускага рубля не назіраецца. Ён то падвышаецца, то зьніжаецца — і даволі адчувальна. У той жа час курс беларускага рубля да даляра ЗША, можна сказаць, стабільны. Дэвальвацыя праходзіць плаўна. Апошнія дні даляравы абменны курс на 1–2 рублі падвышаецца ці застаецца на тым жа ўзроўні. А вось эўра 26 чэрвеня патаньнела на 12 рублёў. А вось сёньня ў параўнаньні з учорашнім днём эўра “патаўсьцела” на 32 рублі. Усё тут залежыць ад попыту і прапановы”.

Паводле словаў спадар Журавовіча, на валютна-фондавай біржы ў Менску пакуль не назіраецца нечаканасьцяў у паводзінах пакупнікоў і прадаўцоў эўра. Біржавы попыт і прапановы на гэтую валюту вызначаюць беларускія банкі. “Прыёрбанк” — адзін з банкаў, які спэцыялізуецца на міжнародных разьліках з эўрапейскімі краінамі. Праз “Прыёрбанк” многія беларускія суб’екты гаспадараньня ладзяць фінансавае супрацоўніцтва, напрыклад, зь Нямеччынай.

Вось якое меркаваньне нашаму радыё выказала віцэ-прэзыдэнт гэтага банку Людміла Ніканорава:

(Ніканорава: ) “Калі замежныя актывы Беларусі ў далярах, то ў такой сытуацыі гэта крыху горш за іхнае разьмяшчэньне ў эўра. Відавочна, што ў сьвеце адбываецца працэс дэдалярызацыі эканомікі. І тым, хто жыве ў Эўропе, варта было б прыслухацца да меркаваньня экспэртаў і быць салідарнымі ў тым пляне, каб для разьлікаў у Эўропе выкарыстоўваць усё ж эўра, а не амэрыканскі даляр. “Прыёрбанк” паводзіць сябе разумна. Мы ад хістаньняў “даляр–эўра” стратаў ня маем”.

Менскае акцыянэрнае таварыства “Мілавіца”, якое вырабляе жаночую бялізну, — адно зь нямногіх беларускіх прадпрыемстваў, цесна зьвязаных з заходнімі, найперш эўрапейскімі рынкамі. Ці адаб’ецца падаражаньне эўра на ягоных эканамічных справах? Вось як адказала на гэтае пытаньне былая дырэктарка, а цяпер сяброўка назіральнай рады “Мілавіцы” Зінаіда Валеха:

(Валеха: ) “Што да “Мілавіцы”, то, як я мяркую, напэўна ніяк. Таму што мы свае валютныя паступленьні захоўваем у эўра і далярах. З Эўропай мы разьлічваемся эўра. Таму ніякіх праблемаў. У нас збалянсаваныя валютныя патокі. Таму што мы атрымліваем эўра і плацім эўра”.

Нямеччына — другі пасьля Расеі замежнаэканамічны партнэр Беларусі. Летась, напрыклад, таваразварот між імі ў валютным эквіваленце амаль дасягнуў мільярда даляраў. Сёлета, як паведаміў нашаму радыё кіраўнік прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі Ўладзімер Аўгусьцінскі, назіраецца тэндэнцыя да павелічэньня. Беларускія і нямецкія прадпрыемствы, паводле ягоных словаў, нарошчваюць экспартна-імпартны гандаль.

Як будзе складвацца гэтае партнэрства пасьля падаражаньня агульнай эўрапейскай валюты? Вось што мяркуе на гэты конт спадар Аўгусьцінскі:

(Аўгусьцінскі: ) “Тыя камплектныя дэталі, што ўвозяцца з эўразоны, атрымліваюцца ў даляравым эквіваленце даражэйшыя, і гэта, вядома ж, азначае, што падаражэе і беларуская прадукцыя. Але пры гэтым трэба разумець, што калі беларускія прадпрыемствы зноў прадаюць сваю прадукцыю ў эўразону, то гэтага падаражаньня яны не адчуюць, паколькі зноў атрымаюць за сваю прадукцыю эўра. Таму для беларускіх экспартэраў рост эўра карысны. Для імпартэраў жа такая фінансавая тэндэнцыя нэгатыўная, бо павялічвае кошт імпартнай прадукцыі, адбіваецца на сабекошце”.

Як вынікае са словаў спадара Аўгусьцінскага, можна чакаць росту ў Беларусі цэнаў на нямецкую прадукцыю гатовай вытворчасьці. Ці паўплывае гэта на забесьпячэньне Беларусі таварамі эўрапейскай вытворчасьці? Вось якое меркаваньне на гэты конт выказала экспэрт Дасьледчага цэнтру недзяржаўнага Інстытуту прыватызацыі й мэнэджмэнту Алена Ракава:

(Ракава: ) “Імпарт у Беларусь з Эўразьвязу, магчыма, некалькі зьменшыцца, бо ён стане больш дарагім. Зрэшты, цяперашні рост эўра пакуль не настолькі вялікі, каб гаварыць пра зьмены ў паводзінах імпартэраў як рэальныя. Але відавочна, што большы попыт пры гэтым будзе мець прадукцыя краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз. Напрыклад, нямецкае піва ў Беларусі будзе даражэйшае. Таму можа так стацца, што на беларускім рынку зьявіцца больш піва чэскага, расейскага, украінскага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG