Ад прыватызацыі прадпрыемстваў нафтаперапрацоўчай галіны беларускае кіраўніцтва спадзяецца атрымаць ня менш за мільярд даляраў. Частка грошай павінна была паступіць у дзяржаўную скарбонку ўжо 1 жніўня, калі плянавалася абвесьціць пра акцыянаваньне сямі найбуйнейшых прадпрыемстваў галіны — наваполацкіх “Нафтану” і “Паліміру”, гарадзенскага “Азоту”, бабруйскай “Белшыны” і трох прадпрыемстваў “Хімвалакно” ў Горадні, Магілёве і Сьветлагорску.
Але, відавочна, ужо цяпер можна весьці гаворку пра адтэрміноўку фінансавых уліваньняў. Міністэрства эканомікі абвесьціла, што продаж акцыяў вырашана весьці пакетамі ня болей за 10%. Галоўны аргумэнт пры гэтым такі: калі адразу прадаваць 49,9% акцыяў, кошт будзе занадта нізкі.
Вось што з гэтай нагоды кажа дырэктар дэпартамэнту дзяржаўнай уласнасьці Міністэрства эканомікі Алег Мельнікаў:
(Мельнікаў: ) “Так, гэта адна з прапановаў. Для Беларусі гэта выгадна. Але гэта ня проста продаж, а конкурсны продаж з умовай інвэстыцыяў. Паводле памеру інвэстыцыяў будзе другая эмісія, так што ўрэшце будзе ня 10%, а можа ўсе 20%. Патрэбнае адпаведнае зацьверджаньне ва ўрадзе... А тое, што чуюцца нейкія выпады з расейскага боку, дык гаварыць можна што заўгодна. Што яны лічаць кантрольным пакетам акцыяў? Па навуцы ніякія гэта не 50%. Будзе перамоўны працэс, мажлівыя розныя варыянты”.
Чаму ў часе абвешчаньня новых умоваў ня ўзгадваецца пра ранейшыя дамовы з расейскімі інвэстарамі? — пытаюся ў эканаміста Леаніда Злотнікава.
(Карэспандэнт: ) “Калі беларускае кіраўніцтва напярэдадні выбараў абяцае кантрольны пакет акцыяў, а праз паўгода паказчыкі зьніжаюцца да 10% —гэта лягічныя крокі?”
(Злотнікаў: ) “З гледзішча нашай улады, якая ня хоча аддаваць уласнасьць у рукі каго б там ні было, спрабуе зноў усім камандаваць, трымаць усё пад наглядам — то гэта лягічна. Калі глядзець зь іншага боку — прыцягваць капіталаўкладаньні, запрасіць інвэстараў, то тут нешта не пасуе. Папярэднія ўмовы былі, каб інвэстар меў сваю сыравіну. Яны яе маюць. Зь іншымі пунктамі патрабаваньняў таксама згаджаюцца: прыкладам, пакінуць тую ж працоўную сілу. Адкуль тады такія супярэчнасьці? Галоўнае — нежаданьне аддаваць уласнасьць са сваіх рук у чужыя. І гэта галоўная прычына ўсёй гэтай мітусьні, валтузьні й г.д.”.
Пакуль рэакцыя шэрагу расейскіх інвэстараў, якія вялі папярэднія перамовы з урадам Беларусі (найперш гэта кампаніі “Сургутнафта”, “Лукойл”, “Ітэра”, “Слаўнафта”, “СІБУР” і некаторыя іншыя) афіцыйна не агучаная.
Але са спасылкай на агенцтва “Reuters” у расейскіх Інтэрнэт-газэтах зьявіўся камэнтар намесьніка кіраўніка кампаніі “Сургутнафта” Анатоля Нураева, які сказаў, што кампанія па-ранейшаму прэтэндуе толькі на кантрольны пакет акцыяў. У іншым выпадку будзе пераарыентацыя на Ўкраіну. Іншыя прадстаўнікі нафтагазавых кампаніяў пакуль выказваюцца неакрэсьлена: маўляў, гэта новыя ўмовы, якія патрэбна дакладна вывучыць.