Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮРЫ СУХАНАЎ ЗРАБІЎСЯ НОВЫМ ПРЭЗЫДЭНТАМ “СЛАЎНАФТЫ”


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньняшні сход акцыянэраў “Слаўнафты” разглядаў пытаньні пра адстаўку Міхаіла Гуцэрыева і абраньне новага кіраўніка кампаніі. Як паведаміла нашаму радыё супрацоўніца прэсавай службы “Слаўнафты” Марыя Грыднева, на сходзе пастанавілі:

(Грыднева: ) “Акцыянэры вырашылі датэрмінова спыніць паўнамоцтвы прэзыдэнта кампаніі Міхаіла Гуцэрыева і абралі новым прэзыдэнтам кампаніі Юрыя Суханава. Абмяркоўвалі дзьве кандыдатуры — Суханава і Бараноўскага. Віцэ-прэзыдэнт кампаніі Шторх паведаміў, што за кандыдатуру Суханава прагаласавалі 89,04% акцыянэраў, што бралі ўдзел у галасаваньні”.

Інтрыга сёньняшняга сходу ў тым, што кандыдатура Юрыя Суханава была вылучаная ўрадам Расеі, а кандыдатура Анатоля Бараноўскага — урадам Беларусі. Гэта стала вынікам скандальных падзеяў, зьвязаных з адстаўкай Міхаіла Гуцэрыева.

Зьняць Гуцэрыева з пасады прэзыдэнта кампаніі месяц таму нечакана вырашыла Міністэрства маёмасных дачыненьняў Расеі. Гэтае міністэрства — галоўны акцыянэр кампаніі, яму належыць больш як 55% акцыяў. Прычым ініцыятыву папярэдне не ўзгаднялі зь Беларусьсю, якой належыць 10,8% акцыяў.

Гэта выклікала рэзкі пратэст Аляксандра Лукашэнкі. У красавіку ён агучыў яго на сустрэчы з Уладзімерам Пуціным. Аднак Расея не зьмяніла свайго рашэньня. Пасьля гэтага бакі пачалі дзейнічаць паасобку. 19 красавіка на паседжаньні рады дырэктараў “Слаўнафты” Расея назвала прозьвішча свайго прэтэндэнта на прэзыдэнта сумеснай кампаніі, а Беларусь — свайго.

Напярэдадні сёньняшняга сходу расейска-беларускае змаганьне за кіроўную пасаду ў “Слаўнафце” набыло яшчэ большую актыўнасьць. На Юрыя Суханава маскоўская міліцыя завяла крымінальную справу, паводле якой кандыдат ад расейскага ўраду нібыта падазраецца ў фінансавых махлярствах. Адначасова кандыдата ад Беларусі спадара Бараноўскага Міхаіл Гуцэрыеў тэрмінова пераводзіць у “Слаўнафту” і зацьвярджае першым віцэ-прэзыдэнтам кампаніі.

Аднак, як сьведчаць вынікі сёньняшняга сходу, усе гэтыя дзеяньні былі марныя. Беларускі бок пацярпеў паразу. Як вядома, “Слаўнафта” ў Беларусі самыя цесныя стасункі мае з Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводам. Што думаюць тут пра вынікі сёньняшняга рашэньня акцыянэраў беларуска-расейскай кампаніі?

(Міцура: ) “Мы не страйкуем супраць гэтага. Бо ня ўсе нашыя праблемы зьвязаныя з кіраўніцтвам “Слаўнафты”. Падзеі вакол зьмены кіраўніка на заводзе абмяркоўваліся толькі на ўзроўні размоваў. Бо нам жа не паведамлялі падрабязнасьцяў справы: за што зьнялі старога кіраўніка. Таму цяжка правільна вызначыцца: справядліва гэта адбылося ці не. Аб’ектыўна мы меркаваць ня можам, таму што ня ведаем усіх нюансаў”, — зазначыла спадарыня Міцура, намесьніца старшыні прафкаму Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG