Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРУГІ ТЫДЗЕНЬ У ІВАЦЭВІЧАХ СТРАЙКУЮЦЬ ПРЫВАТНЫЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ


Міхал Стэльмак, Менск

Страйк івацэвіцкіх гандляроў доўжыцца з 1 красавіка. Вось што паведаміла нашаму радыё прадпрымальніца Ларыса Кругляеўская:

(Кругляеўская: ) "Гарадзкія і раённыя ўлады супраць таго, каб мы гандлявалі на сваіх месцах. Матывуюць тым, што тут кірмаш перагружаны. Яны нас праганяюць на ўскраіну — на дзікае месца каля трасы Пінск-Івацэвічы-Берасьце. Таму мы пратэстуем. Ня выйшлі на працу і ня плацім падаткаў. 140 чалавек не заплацілі".

Паводле словаў Ларысы Кругляеўскай, раённы бюджэт не атрымаў у красавіку каля 10 мільёнаў рублёў прадпрымальніцкіх падаткаў.

Намесьніца начальніка івацэвіцкай падатковай інспэкцыі Людміла Кульгавеня пацьвердзіла, што прадпрымальніцкі пратэст, насамрэч, прыносіць раёну эканамічныя страты:

(Кульгавеня: ) "Гэтыя грошы паступаюць у мясцовы бюджэт, таму іх няўплата адбіваецца на яго стане. Гэта прыблізна каля 6 — 8 мільёнаў рублёў яны не заплацілі".

Паводле словаў спадарыні Кульгавені, урэгуляваць канфлікт з прадпрымальнікамі падатковай інспэкцыі не ўдалося. Прынамсі, самі гандляры адказнасьць за канфлікт ускладаюць на райвыканкам. Інакш лічыць старшыня Івацэвіцкага райвыканкаму Аляксандар Няхаеў. Як вынікае зь яго тлумачэньня, рашэньне пра перанос рынку было нібыта прынятае яшчэ летась з удзелам саміх гандляроў. Вось што спадар Няхаеў паведаміў нашаму Радыё:

(Няхаеў: ) "Ніхто тады пытаньняў ня ставіў. А зараз ім чамусьці ўжо ня хочацца туды ісьці — хоць гэта ўсяго на 300 мэтраў далей. Мы ў бліжэйшы аўторак правядзём паседжаньне выканкаму, прымем чалавек сорак прадпрымальнікаў, якія пойдуць на рынак і кампэнсуюць, калі будуць нейкія страты".

Інакш кажучы, замест прадпрымальнікаў-страйкоўцаў івацэвіцкія ўлады разьлічваюць прыцягнуць новых прадпрымальнікаў, якія заменяць мясцовых гандляроў. Зараз у Івацэвічах гадаюць: адкуль зьявяцца гэтыя новыя прадпрымальнікі — зь Бярозы, Баранавічаў ці Менску?

Страйк прадпрымальнікаў ужо атрымаў у Івацэвічах гучны розгалас. Вось як пракамэнтавала падзеі мясцовая пэнсіянэрка Людміла Ярашэнка:

(Ярашэнка: ) "Гэтыя прадпрымальнікі нікому ня перашкаджаюць. У іх чысьценька і акуратненька. Усё пойдзеш і ўсё купіш. Усё сваё жыцьцё я памятаю, што тут быў гэты рынак. Тут гандлявала яшчэ мая бабуля. Яна сама зь вёскі — прывозіла сюды малако, сыр, масла. Каму гэты перанос патрэбны — я не магу зразумець".

(Карэспандэнт: ) "Ці абурае гэта людзей у Івацэвічах?"

(Ярашэнка: ) "Абурае. Вось я размаўляла зь людзьмі па вуліцы Шаўчэнка, дзе я жыву, усе абураюцца. Кажуць, і таньней было, і тут жа цэнтар. Лепей для ўсіх тут было — і для прадпрымальнікаў, і для пакупнікоў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG