Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА СУСТРЭЎСЯ З ПРЭЗЫДЭНТАМ “СЛАЎНАФТЫ” МІХАІЛАМ ГУЦЭРЫЕВЫМ


Міхал Стэльмак, Менск

Спадара Гуцэрыева Аляксандар Лукашэнка, паводле зьвестак прадстаўнікоў прэзыдэнцкай адміністрацыі, прыняў у адпаведнасьці з папярэднімі дамоўленасьцямі. Як вынікае з афіцыйных камэнтароў, рашэньне расейскага ўраду пра адстаўку Гуцэрыева ніяк не паўплывала на хаду сустрэчы. Больш за тое, Лукашэнка ўхваліў інвэстыцыйныя пляны "Слаўнафты" мадэрнізаваць беларускую нафтахімію. Гэтак жа публічна Міхаіл Гуцэрыеў, камэнтуючы вынікі перамоваў, выказаў задавальненьне інвэстыцыйнымі ўмовамі, якія прапануе Беларусь.

У прыватнасьці, ён назваў прадпрыемствы, у набыцьці якіх зацікаўленая "Слаўнафта" — гарадзенскі "Азот" і наваполацкі "Палімір".

Між тым, паводле інфармацыі дасьведчаных крыніцаў, на сёньняшніх перамовах за зачыненымі дзьвярыма Лукашэнка і Гуцэрыеў якраз абмяркоўвалі ініцыятыву ўраду Расеі пра недавер кіраўніку "Слаўнафты". Ні Гуцэрыеў, ні беларускі бок дагэтуль ня паінфармаваныя пра матывы гэтай ініцыятывы. Мяркуецца, што на заплянаванай на гэтым тыдні маскоўскай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна беларускі лідэр выступіць у абарону Гуцэрыева.

Сытуацыю актыўна абмяркоўваюць ня толькі ў расейскіх дзелавых і палітычных колах, а й у Беларусі. У прыватнасьці, уважліва сочаць за скандальнымі падзеямі вакол колішняга сябра расейскай лібэральна-дэмакратычнай партыі Гуцэрыева беларускія лібэрал-дэмакраты. Вось што зазначыў нашаму Радыё пра сёньняшні візыт Гуцэрыева да Лукашэнкі старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч:

(Гайдукевіч: ) "Лукашэнка абараняе ня толькі Гуцэрыева. Ён абараняе і Селязьнёва. Яму патрэбны гэты чалавек — вось ён яго і абараняе. Апроч таго, Лукашэнку няма каго прымаць, бо няма інвэстараў. Ён імкнецца падрыхтавацца да сустрэчы 12 красавіка з Пуціным. Каб засьведчыць, што ў яго ёсць праекты. Гуцэрыеў — гэта сымбалічная постаць, яго запрасілі толькі таму, што ён укладаў інвэстыцыі ў пэўныя праекты Лукашэнкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG