Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БЕЛАРУСЬБАНК" СПАДЗЯЕЦЦА ПАЛЕПШЫЦЬ СВАЁ ФІНАНСАВАЕ СТАНОВІШЧА З ДАПАМОГАЙ ДРУГОГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА ТЭЛЕКАНАЛУ


Міхал Стэльмак, Менск

Міністар фінансаў Мікалай Корбут, які ёсьць старшынёю Назіральнай рады "Беларусьбанку", сёньня пераконваў акцыянэраў у мэтазгоднасьці заснаваньня Другога нацыянальнага тэлеканалу:

(Корбут: ) "Я за тое, каб мы ўклалі ў тэлебачаньне — першы, другі, а можа і трэці, пяты канал столькі грошай, каб мы мелі добрае тэлебачаньне. Каб маглі атрымліваць нармалёвую інфармацыю. Я ўчора ўвечары глядзеў НТВ, дык што яны паказваюць? Тое, што ўзровень жыцьця падае, што насельніцтва выходзіць з рыдлёўкамі. Мяне гэта, як чалавека, раздражняе".

Таму, паводле словаў Мікалая Корбута, беларуская дзяржава мусіць разьвіваць уласную інфармацыйную сетку, каб насельніцтва атрымлівала адпаведную інфармацыю.

Як вядома, "Беларусьбанк" у зарэгістраваным акцыянэрным таварыстве "Другі нацыянальны тэлеканал", ці, іначай, "Агульнанацыянальнае тэлебачаньне", мае 29% акцыяў. Колькі грошай будзе каштаваць банку ўдзел у гэтым мэдыя-праекце? Вось што адказала на гэтае пытаньне Надзея Ермакова, старшыня праўленьня "Беларусьбанку":

(Ермакова: ) “Усяго меркавалася спачатку 100 тысяч, а зараз 50 тысяч даляраў. Мы ўплыву ня будзем мець. Але як заснавальнікі, мы будзем мець права на бясплатную рэкляму на тэлебачанні".

Паводле словаў Надзеі Ермаковай, бясплатная рэкляма дамапожа банку палепшыць эканамічнае становішча. Рэч у тым, што гэтае становішча, як вынікае з агучаных сёньня зьвестак, бядотнае. За справаздачны год "Беларусьбанк" атрымаў усяго 4 мільярды рублёў прыбытку. Спадарыня Ермакова назвала гэты прыбытак мізэрным.

Таму старшыня Назіральнай рады Мікалай Корбут прапанаваў сёлета не выплочваць дывідэндаў акцыянэрам, якія маюць простыя акцыі. Прапанова міністра фінансаў расчаравала ўдзельнікаў сходу. Але паколькі галоўным акцыянэрам "Беларусьбанку" ёсьць дзяржава, то астатнія акцыянэры мусілі падпарадкавацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG