Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ БЕЗВЫНІКОВА ЗАВЯРШЫЛІСЯ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІЯ ПЕРАМОВЫ НАКОНТ ПАСТАВАК У МАСКВУ БЕЛАРУСКІХ ХАРЧОЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Меркаваныя пастаўкі ўключалі мяса, масла, сыры, бульбу і інш. Агульная вартасьць кантракту плянавалася 50—60 мільёнаў даляраў. Аднак, як стала вядома пры канцы сёньняшняга дня, расейцы адмовіліся ад падпісаньня выніковага дакумэнту.

Афіцыйна камэнтаваць прычыны сваёй адмовы яны ўстрымаліся. Паводле ж тлумачэньня дырэктара дэпартамэнту зьнешнеэканамічных сувязяў Мінсельгасхарчу Аляксандра Папкова, маскоўскія госьці ад'яжджаюць у роздуме. Яны, маўляў, зьбіраюцца дома больш дэталёва асэнсаваць беларускія ўмовы.

Між тым, як стала вядома зь неафіцыйных крыніцаў, прадметам рознагалосьсяў стаў кошт беларускага харчаваньня. Расейцы палічылі яго завышаным. У прыватнасьці, ім прапаноўвалі мяса птушкі па цане 1,4 даляра за кіляграм. На маскоўскім рынку такое мяса сёньня каштуе 1,2 даляра за кіляграм. Гэткія ж цэнавыя разыходжаньні выявіліся і ў дачыненьні іншых харчовых тавараў. Ці насамрэч беларускія харчы неканкурэнтаздольныя на расейскім рынку?

Вось што распавёў сёньня нашаму Радыё старшыня Дубровенскага райспажыўсаюзу Генадзь Балашкоў:

(Балашкоў: ) “Я літаральна два дні таму выяжджаў на Расею. Хацеў збыць мяса. У нас ёсць лішкі мяса. Тонаў з 10—12 ляжыць у лядоўні. Але закупачныя цэны Мінсельгасхарчу вышэйшыя, чымся цэны, па якіх купляюць мяса ў Расеі. Там мне сказалі, што купяць мяса па 42 расейскіх рублі, а мы прапаноўвалі цэны вышэйшыя за 42 рублі.

Завёў размовы пра кілбасы. У іх каўбасныя вараныя вырабы таньнейшыя за нашыя, паўвэнджаныя — таксама таннейшыя. Прычым розьніца — істотная. Калі ў іх адпускная цана на паўвэнджаную каўбасу 58 іхных рублёў, а гэта каля 3 тысяч беларускіх рублёў, то ў нас адпускныя цэны на такую каўбасу — 3800, 4000 рублёў і вышэй. Таму я праезьдзіў дзень па Расеі й нідзе ня змог збыць свае мяса”.

Паводле ягоных словаў, гэта ж тычыцца і іншых харчоў — макаронаў, мукі, цукру, масла. А вось як пракамэнтаваў гэтую сытуацыю старшыня Беларускага саюзу фэрмэраў Канстанцін Ярмоленка:

(Ярмоленка: ) “Для бульбы, гародніны — таго, што раней традыцыйна вывозілася ў Расею — тамтэйшы рынак зачынены. Таму што цэны беларускія вышэйшыя за расейскія. Наагул, я вам мушу сказаць, што цэны на бульбу ў бульбяной краіне ў два разы вышэйшыя, чымся ў Амэрыцы".

(Карэспандэнт: ) "Вы маеце на ўвазе бульбяную краіну Беларусь?"

(Ярмоленка: ) "Беларусь. Калі раней па нашай краіне езьдзілі расейскія прадпрымальнікі ў пошуках масла, сьвініны, ялавічыны, то зараз гэтае пытаньне не зусім актуальнае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG