Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ФІНАНСАВЫМ РЫНКУ БЕЛАРУСІ — НЯЎСТОЙЛІВАЯ СЫТУАЦЫЯ


Міхал Стэльмак, Менск

Пагаршэньне фінансавага становішча, як засьведчыла сёньняшняе апытаньне, назіраюць і шараговыя грамадзяне:

(Спадарыня: ) "Валютная сытуацыя ў нас нестабільная".

(Карэспандэнт: ) "На сёньняшні дзень які ў нас курс?"

(Спадарыня: ) "1735 рублёў за 1 даляр — такі продаж".

(Спадар: ) "Гэта ў абменных пунктах. А так на рынках ужо лічыцца 1750 рублёў за даляр".

(Іншая спадарыня: ) "Калі курс расьце, то гэта кепска".

(Карэспандэнт: ) "Вы лічыце, што гэта наступства інфляцыі?"

(Іншая спадарыня: ) "Так".

(Спадар: ) "Расейскі рубель "падае", вось жа, бо мы да яго "прывязаныя", наш рубель "упадзе" яшчэ больш".

Між тым, прадстаўнікі фінансавых уладаў не падзяляюць пэсымізму насельніцтва. У прыватнасьці, вось што заявіў на гэты конт нашаму Радыё начальнік упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў:

(Драздоў: ) "На сёньняшні дзень няма ніякіх падставаў меркаваць, што блізкім часам будзе назірацца падзеньне курсу беларускага рубля. Сытуацыя разьвіваецца ў прадказальным накірунку. Як і прадугледжана грашова-крэдытнай палітыкай краіны на 2002 год, на канец году абменны курс беларускага рубля складзе каля 1860 рублёў за адзін даляр. У некаторых ёсьць наконт гэтага сумнеў з той прычыны, што ў студзені рубель "падаў" больш імкліва, чым трэба было б. Але гэта таму, што ў студзені была вялікая інфляцыя".

Паводле словаў прадстаўніка Нацыянальнага банку, у бліжэйшыя месяцы інфляцыя зьменшыцца і гэта, маўляў, станоўча адаб'ецца на дэвальвацыі. Таму вясной і асабліва ўлетку, як зазначыў спадар Драздоў, абменны курс будзе адпавядаць заплянаваным парамэтрам.

А што думаюць на гэты конт асобы, чыя праца мае непасрэднае дачыненьне да валютаабменных апэрацыяў? Вось якое меркаваньне выказаў прыватны прадпрымальнік Юрась Грыгор'еў, які займаецца ў Менску гандлем:

(Грыгор'еў: ) "Аналізуючы сытуацыю, што складваецца на нашым рынку, я прагназую, што курс даляра к канцу году будзе складаць 2500 рублёў. Хаця ў нашай эканоміцы і мае месца спад, але ж наш рубель “прывязаны" да расейскага рубля. А там абвальнага падзеньня не чакаецца".

(Карэспандэнт: ) "Тым ня менш, вы ня верыце ў тое, што пры канцы году абменны курс будзе знаходзіцца ў калідоры 1860-1920 рублёў за даляр?”

(Грыгор'еў: ) "Не".

(Карэспандэнт: ) "Чаму?"

(Грыгор'еў: ) "Параўноўваючы сытуацыю зь мінулым годам, я мяркую, што такая ж тэндэнцыя захаваецца і сёлета. Але ж у нас яшчэ адна пасяўная і яшчэ адно жніво. Таму можна чакаць эмісію, друкаваньня "фанцікаў", што будзе спрыяць дэвальвацыі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG