Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД БЕЛАРУСІ ЗГОРТВАЕ ДАТАЦЫІ НА ПУЦЁЎКІ Ў САНАТОРЫІ Й ПРАФІЛЯКТОРЫІ


Галіна Абакунчык, Менск

Распараджэньне пра рэалізацыю 30% пуцёвак за наяўны разьлік у санаторыях і прафілякторыях Беларусі зьявілася адразу ж пасьля ўвядзеньня ў сыстэме Міністэрства аховы здароўя 30% платных паслугаў. Такім чынам скасоўваецца ранейшая сыстэма дзяржаўных датацыяў. Цяпер Рэспубліканскі цэнтар аздараўленьня й санаторна-курортнага лячэньня будзе замаўляць толькі 70% ад агульнай колькасьці месцаў. Гаворыць намесьнік дырэктара цэнтру Мікалай Лукашэвіч:

(Лукашэвіч: ) "Грошы сканчаюцца, і цяпер дзяржава ня ў стане штогод выдаткоўваць такія сродкі, каб забясьпечыць поўную загрузку ўсіх санаторыяў”.

Цяпер ў краіне 17 дамоў адпачынку, якія працуюць летам. У міжсэзонны пэрыяд дзейнічаюць 70 санаторыяў і 133 прафілякторыі. У залежнасьці ад іх профілю й камфортнасьці адна пуцёўка на 21 дзень каштуе ад 300 да 600 тысяч рублёў. Для бальшыні людзей гэтая сума складае не адзін месячны заробак. Таму ўсе стараюцца набыць пуцёўкі праз Рэспубліканскі цэнтар, які датуе ад 70 да 90% кошту адпачынку. Летась, да прыкладу, такіх было каля мільёну чалавек.

У пераважнай бальшыні гэта чарнобыльцы, дзеці-інваліды й пракурорскія работнікі, якія маюць права на цалкам бясплатны санаторны адпачынак. Астатнія льготныя месцы прапаноўваюцца прадпрыемствам і ўстановам паводле прынцыпу: 32 пуцёўкі на тысячу чалавек. Таму чэргі складаюць тут не адзін год. Гаворыць Мікалай Лукашэвіч:

(Лукашэвіч: ) "Там абавязкова стаіць чарга. На прадпрыемства, да прыкладу, выдзяляецца чатыры пуцёўкі, а заявы — ад дваццаці чалавек. Вось уявіце сабе, калі чалавек можа атрымаць гэтую пуцёўку. Калі сёлета выдзелілі, значыць, дзесяць гадоў чалавек ужо не атрымае. І сёлета заяваў больш, чым у мінулым годзе. Людзі хочуць ехаць адпачываць. Але пры ўмове, што пуцёўкі будуць датаваныя за кошт дзяржавы. А за свой кошт людзі сёньня ня здольныя паехаць".

Пасьля скарачэньня датацыяў на пуцёўкі чэргі павялічацца яшчэ больш. Не закране гэтая праблема, бадай, толькі дзьве катэгорыі грамадзянаў: вяскоўцаў, якія ня маюць часу й грошай нават на датацыйныя пуцёўкі, а таксама высокапастаўленых чыноўнікаў, якія абслугоўваюцца праз так званую "лечкамісію".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG