Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМОЎНАЕ ГАНДЛЁВАЕ САЛЬДА З РАСЕЯЙ ЛЕТАСЬ СКЛАЛА 1 МІЛЬЯРД ДАЛЯРАЎ


Ул. інф.

Беларускі віцэ-прэм'ер Сяргей Сідорскі прызнаў "складанае фінансавае становішча на прамысловых прадпрыемствах" і спадзяецца, што ім дапаможа зьмяншэньне цаны тысячы кубамэтраў расейскага газу з 30 да 23 даляраў. Арышты кіраўнікоў прадпрыемстваў, на ягоную думку, не супярэчаць лібэралізацыі.

Намесьнік прэм'ер-міністра Сяргей Сідорскі распачаў сёньняшнюю прэсавую канфэрэнцыю заявай пра тое, што летась зь 15 найважнейшых парамэтраў прагнозу сацыяльна-эканамічна разьвіцьця Беларусі выкананыя толькі 10. Сярод тых галінаў, дзе парамэтры ня выкананыя, віцэ-прэм'ер назваў сельскую гаспадарку й транспарт. Атрымалі менш бульбы, ільновалакна, яек, зерня, зьменшыўся грузаабарот на чыгунцы й на аўтатранспарце. Апошняе спадар Сідорскі тлумачыць пераарыентацыяй патокаў прамысловых тавараў з Расеі на ўласныя порты.

Паводле віцэ-прэм'ера, менавіта з Расеяй ідзе вельмі жорсткая канкурэнцыя беларускіх вытворцаў мэблі, піламатэрыялаў і паперы. Цікава, што ў гандлі з Расеяй адмоўнае сальда летась склала 1 мільярд даляраў – перадусім з прычыны імпарту энэрганосьбітаў. Калі ж Расею ня ўлічваць, тады атрымліваецца сальда дадатнае – у іншых краінах Беларусь прадае тавараў на 656 мільёнаў даляраў больш, чым купляе. Аднак відавочна, што агульнае гандлёвае сальда застаецца адмоўным.

Беларусь ніяк ня можа й разьлічыцца з Расеяй за пастаўкі газу. Даўгі сёньня складаюць каля 200 мільёнаў даляраў, хаця гэта галоўным чынам даўгі мінулых гадоў. Бягучыя пастаўкі летась аплочваліся на 93 адсоткі.
Віцэ-прэм'ер Сідорскі спадзяецца, што цана тысячы кубамэтраў газу для Беларусі – зараз гэта 30 даляраў – неўзабаве будзе аднолькавай з суседнімі абласьцямі Расеі.

(Сідорскі: ) "Гэта недзе Смаленск, Бранск, дзе ўзровень кошту газу каля 19 даляраў. Пра гэты парытэт мы мусім далажыць кіраўніку дзяржавы, кіраўніку Вышэйшае дзяржаўнае рады Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку й кіраўніку дзяржавы Расеі – пра зробленыя захады што да працы на ўзроўні ўрадаў. Пакуль мы як ніколі блізкія ў перамовах з расейскім бокам наконт выраўнаньня тарыфаў для суб'ектаў гаспадараньня".

Аднак, адказваючы на пытаньне, ці ўлічыў Менск нядаўняе рашэньне Масквы падвысіць кошт газу для ўнутраных расейскіх спажыўцоў, ён прызнаў, што насамрэч цана адной тысячы кубамэтраў газу складзе каля 23 даляраў.

Сяргей Сідорскі назваў гэтую зьніжку на 7 даляраў вельмі істотнай. Мабыць, таму, што, паводле ягоных словаў, "застаецца складаным фінансавае становішча на прамысловых прадпрыемствах" Беларусі. Адсотак бартэрных плацяжоў дайшоў да 60. А першая хваля абяцанай эканамічнай лібэралізацыі праявілася толькі ў арыштах кіраўнікоў Беларускай чыгункі, Менскага трактарнага заводу й заводу лядоўняў "Атлант".

Нядаўна ананімны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіў, што арышты дырэктараў буйных прадпрыемстваў нанесьлі вялікую шкоду пазыцыям гэтых экспартаарыентаваных вытворчасьцяў на замежных рынках.

Вось як ставіцца да кампаніі арыштаў віцэ-прэм'ер Сяргей Сідорскі:

(Сідорскі: ) "На сёньняшні дзень, паводле вядомых мне дакумэнтаў і таго, што друкавалася ў прэсе – наконт спадара Калугіна ў тым ліку, – гэта парушэньне дзейнага заканадаўства. І як бы камусьці не хацелася зьвязаць іх з рознымі палітычнымі працэсамі, гэта ня так. Гэта парушэньне дзейнага заканадаўства.

Іншае пытаньне – якія захады мусяць прымяняцца да кіраўніка прадпрыемства. Як ён разумеў гэта, падпісваючы ці не падпісваючы дакумэнты, – гэта мусіць удакладніць сьледзтва".

Спадар Сідорскі паведаміў таксама, што да 10 лютага на галоўных прадпрыемствах нафтахімічнага комплексу, які зараз правяраецца Камітэтам дзяржаўнага кантролю, пройдуць канфэрэнцыі працоўных калектываў. Урад хоча даведацца іхную думку пра акцыянаваньне такіх гігантаў, як наваполацкія "Нафтан" і "Палімір", гарадзенскі "Азот", магілёўскае й сьветлагорскае "Хімвалакно".

Цягам 2-3 месяцаў скончыцца распрацоўка праграмы акцыянваньня гэтых прадпрыемстваў, у якой хочуць браць удзел расейскія "ЛУКойл", "Сургутнафтагаз", "ІТЭРА" ды "Слаўнафта".

Праўда, як распавёў Сяргей Сідорскі, пэўную цікавасьць да магілёўскага "Хімвалакна" мае нейкая швайцарская фірма, а да бабруйскай "Белшыны" – вядомы канцэрн "Мішлен".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG