Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ БЕЛАРУСКІЯ ТАВАРЫ ЧАСЬЦЕЙ ТРАПЛЯЮЦЬ У ЎКРАІНУ ПРАЗ РАСЕЮ?


Казімер Яноўскі, Гомель

Чаму не разьвіваецца гандаль і наагул эканамічныя стасункі Гомельшчыны з памежнымі абласьцямі Ўкраіны? Гэтае пытаньне стала нагодай для сустрэчы прадстаўнікоў ворганаў дзяржаўнага кіраваньня Гомельшчыны, Жытомірскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіны.

Найлепшым пэрыядам у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ўдзельнікі сустрэчы назвалі 1997 год, калі гандлёвы таваразварот паміж Беларусяй і Ўкраінай дасягнуў 1 мільярда 400 мільёнаў даляраў ЗША. Летась ён скараціўся напалову. З Жытомірскай вобласцю і таго болей – амаль у тры разы.

Намеснік кіраўніка абласной дзяржаўнай адміністрацыі ўкраінскай Жытоміршчыны Пятро Закусіла ўдакладняе.

(Закусіла: ) “Так, сапраўды, у 1997 годзе таваразварот дасягаў ледзь не 18 мільёнаў даляраў. Летась за 11 месяцаў – толькі 3,3 мільёна”.

Прычыны гэтага, на думку жытомірскага кіраўніка, перш за ўсё ў адсутнасці належных дзелавых кантактаў паміж адміністрацыямі памежных абласьцей, у няўзгодненасьці выпуску тавараў, мытных перашкодах.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Анатоль Дронь, які таксама браў удзел у сустрэчы, зазначыў, што ў Беларусі ўсё-такі нямала ўкраінскіх тавараў, і наадварот, ува Ўкраіне – беларускіх. Але гэтыя тавары прыходзяць найбольш праз Расею.

(Дронь: ) “Арыентацыя на Расею большая. І, як мне падаецца, такія сувязі заахвочваюцца, пэўна, болей, чымсьці зь іншымі дзяржавамі. Сярод двухбаковых палітычных праблемаў у нас ёсць адна стрэмка: дагэтуль не ратыфікаваная дамова пра дзяржаўную мяжу. У нас ня створана прававое поле ў памежных пытаньнях. Таму і мытныя, і памежныя пытаньні ўзьнікаюць пастаянна”.

Сапраўды, усьлед за ўкраінскімі рэгіёнамі літаральна два тыдні таму мясцовыя памежныя зборы пры перасячэньні беларуска-ўкраінскай мяжы ўвялі Лельчыцкі, Ельскі, Гомельскія раённыя Саветы.

На думку чарнігаўскага прадпрымальніка Пятра Нявойта, падобныя двухбаковыя паборы ды мытныя перашкоды моцна б’юць і па прадпрымальніках. Між тым, сярэдні і дробны бізнэс мог бы няблага паспрыяць гандлёвым стасункам памежных абласцей.

Украінцы сёньня паскардзіліся, што, напрыклад, за правоз цягніком праз беларускую тэрыторыю запрошаных спэцыялістаў з гораду Славуціча на Чарнобыльскую АЭС трэба плаціць па 200 даляраў.

Начальнік Гомельскай мытні Васіль Гнацюк, дарэчы, адзін з 240 тысячаў этнічных украінцаў, што жывуць і працуюць у Беларусі, абяцаў перавесці мытню “Камарын” зь міжнародных у шэраг унутрыдзяржаўных, а адказ на высокія мыты раіў шукаць у страхавых полісах.

Падчас сустрэчы стала відавочна, што фэстывалі ды конкурсы, якія пераважалі да гэтага часу ў двухбаковых стасунках, эканамічных праблемаў ніяк ня вырашаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG