Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІМКЛІВЫ РОСТ ІНФЛЯЦЫІ ПАЧАЎСЯ АДРАЗУ ПАСЬЛЯ ВЕРАСЬНЁЎСКІХ ВЫБАРАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Нацыянальны банк афіцыйна паведаміў, што “пачынаючы зь верасьня, інфляцыйныя працэсы ўзмацніліся”. У жніўні, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, інфляцыя ў Беларусі склала менш за 1% (0,8% за месяц). Верасьнёўская ж інфляцыя перавысіла 2%, кастрычніцкая — 3,5%, а лістападаўская — 4,5% за месяц. Паводле апэратыўных зьвестак Нацбанку, месячная інфляцыя ў сьнежні склала 5,5%.

Цікава, што сёньня стала вядома пра зацьверджаную Саветам Міністраў і Нацбанкам праграму рэальнага падвышэньня попыту эканомікі краіны на грошы ў 2002 годзе. У гэтай праграме сьцьвярджаецца, што летась “адбылося ўзмацненьне макраэканамічнай і фінансавай стабілізацыі”.

Але аўтары дакумэнта ўлічылі толькі дадзеныя бяз двух апошніх месяцаў 2001 году, калі й пачала нарастаць інфляцыя. Таму са студзеня па кастрычнік, паводле праграмы, адбыліся рост рэальных даходаў насельніцтва больш як на 20% і скарачэньне інфляцыі амаль у два з паловай разы — у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2000 году.

Аднак былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч мае зьвесткі, што цягам навагодніх сьвятаў адбылася вельмі буйная эмісія беларускіх рублёў — прасьцей кажучы, зноў надрукавалі пустыя грошы.

(Багданкевіч: ) “Гэта было пры канцы сьнежня ці нават напачатку студзеня, але я думаю, што пры канцы сьнежня. Гэта было зроблена для таго, каб бюджэтнікам выплаціць заробак”.

Спадар Багданкевіч бачыць непасрэдную сувязь паміж перадвыбарчымі абяцаньнямі Аляксандра Лукашэнкі й цяперашнім усплёскам інфляцыі:

(Багданкевіч: ) “Павялічылася грашовая маса ў насельніцтва, то бок зьмянілася структура грашовае масы — рэзка павялічылася доля гэтак званых гарачых грошай, грошай насельніцтва ў зьвязку са штучным падвышэньнем заробкаў, у зьвязку з папулісцкім рашэньнем выхаду на 100 даляраў і гэтак далей”.

Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што сярэдні заробак на ўзроўні 100 даляраў за месяц — гэта непасільнае заданьне для беларускай эканомікі, якая не была рэфармаваная й застаецца надта неэфэктыўнай. Экс-кіраўнік Нацбанку кажа, што паводле іншых афіцыйных дадзеных, больш за траціну ўсіх прадпрыемстваў Беларусі стратныя, а яшчэ адна траціна — нізкарэнтабэльныя.

Спадар Багданкевіч адзначае, што прамысловасьць краіны працавала галоўным чынам на склад, а калі й прадавала сваю прадукцыю, дык найчасьцей са стратамі для сябе. Рэспубліканскі бюджэт ня выкананы — не былі атрыманыя 300 мільярдаў рублёў заплянаваных даходаў. Станіслаў Багданкевіч нагадвае, што камэрцыйныя банкі пад націскам улады ў форме крэдытаў фінансавалі выплату заробкаў. З улікам гэтых чыньнікаў ён папярэджвае пра верагоднасьць буйнога фінансавага крызысу ў першым паўгодзьдзі 2002 году.

Якая ж інфляцыя на такім фоне чакае Беларусь сёлета? Вось што прагназуе колішні галоўны банкір краіны:

(Багданкевіч:) “Закладзена ў праграме 20–27%, але насамрэч яна як мінімум будзе ўдвая вышэйшай, ці нават у два з паловай разы вышэйшай. Гэта пры ўмове, калі Нацынальны банк здолее праводзіць досыць жорсткую грашова-крэдытную палітыку”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG