Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАМУ МЭТАЛЮРГІЧНАМУ ЗАВОДУ НЕ СТАЕ СЫРАВІНЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Начальнік управы забесьпячэньня сыравінай і матэрыяламі Беларускага мэталюргічнага заводу Аляксей Баргер пацьвердзіў, што прадпрыемства сапраўды адчувае зараз значныя цяжкасьці ў справе паставак мэталалому.

З 1,5 мільёна тон мэталічнага лому, што патрэбны заводу на працягу году, беларускія пастаўшчыкі дастаўляюць у Жлобін толькі адну траціну гэтай сыравіны. Рэшту мэталалому жлобінскія мэталюргі куплялі звычайна ў Расеі.

Аднак восеньню мінулага году расейскі ўрад увёў новы парадак выдачы ліцэнзіяў для тых, хто займаецца нарыхтоўкай лому і адкідаў чорных мэталаў. Пакуль расейскія партнэры займаліся афармленьнем новых ліцэнзіяў, беларускія мэталюргі недаатрымалі тысячы тон мэталалому.

Пасьля ў расейцаў не хапала чыгуначных вагонаў для паставак сыравіны ў Жлобін: яны занятыя былі выключна на перавозцы вугля да зімы ў расейскія паўночныя рэгіёны. Да таго ж пры транспартыроўцы мэталалому ў Беларусь Расея стала прымяняць імпартныя тарыфы на чыгуначныя перавозкі.

Паводле словаў Аляксея Баргера, яны ў два з паловай разы вышэйшыя, чымсьці ўнутраныя расейскія тарыфы. Гэта аўтаматычна падвышае кошт прадукцыі жлобінскіх мэталюргаў і рэзка зьніжае яе канкурэнтнасьць на міжнародным рынку. У выніку траціць эканоміка БМЗ.

У гэтай сувязі на нядаўняй сэсіі аблсавету дэпутат ад Жлобіну Віктар Каралёў, карыстаючыся прысутнасьцю віцэ-прэм’ера Сяргея Сідорскага, прасіў апошняга паспрыяць прыняцьцю адмысловай ўрадавай праграмы забесьпячэньня айчынным мэталам Беларускага мэталюргічнага заводу.

Генэральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднаньня “Беларускія другасныя мэталы” Мікалай Грыбаноўскі паведаміў, што такая праграма сапраўды распрацоўваецца. Аднак у аснову яе пакладзена перш за ўсё не забесьпячэньне БМЗ мэталаломам, а рэвізія на прадпрыемствах краіны выкарыстаньня старога абсталяваньня. Гэта, паводле інфармацыі спадара Грыбаноўскага, усё-такі можа даць яшчэ 150 тысяч тон мэталалому — у дадатак да 544 тысяч тонаў, вызначаных сёлета дзяржаўным заказам для БМЗ.

Але нават пры такім станоўчым раскладзе жлобінскія мэталюргі будуць забясьпечаныя айчынай сыравінай меней, як напалову. Астатні мэталалом давядзецца купляць у Расеі, дзе ён на 20% даражэйшы, чымсьці ў Беларусі. Гэта, як сьцьвярджаюць спэцыялісты, не найлепшым чынам адаб’ецца на фінансавым становішчы флягмана беларускай індустрыі, а значыць, і на бюджэце ня толькі Жлобіну, але й краіны.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG