Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА СКАСАВАЎ СУМНАВЯДОМЫ ДЭКРЭТ №40


Віталь Цыганкоў, Прага

Дэкрэт нумар 40, адзін з самых скандальных дэкрэтаў Аляксандра Лукашэнкі, быў падпісаны 23 лістапада 1999 году. Паводле дэкрэту, маёмасьць фізычных ды юрыдычных асобаў, якія падазраюцца ў нанясеньні шкоды дзяржаве, рашэньнем прэзыдэнта магла перадавацца ва ўласнасьць дзяржавы яшчэ да вынясеньня абвінаваўчага прысуду. 40-ы дэкрэт стаў своеасаблівым сымбалем уседазволенасьці ўлады і выклікаў крытыку ня толькі сярод апазыцыі, але і нават сярод ляяльных да Лукашэнкі дэпутатаў гэтай званай “Палаты прадстаўнікоў”. Дэкрэт па сутнасьці адмяняў прэзумпцыю невінаватасьці, хаця, трэба адзначыць, прымяняўся ён даволі рэдка.

Старшыня Саюзу прадпрымальнікаў Беларусі Аляксандар Патупа у цэлым станоўчае ацэньвае рашэньне Лукашэнкі, але называе гэта толькі паўкрокам.

(Патупа: ) “Патрэбна, каб прэзыдэнт (які вельмі любіць тэлебачаньне), папрасіў прабачэньне ў прадпрымальнікаў ды ўсяго грамадзтва. Мы ня маем гарантыяў, што гэта нейкі вэктар, нейкі прынцып у наступных кроках. Калі Лукашэнка мае магчымасьці рабіць гэтыя дэкрэты, дык ён можа праз тыдзень альбо праз гадзіну надрукаваць новы дэкрэт – і ўсё!
Патрэбна, каб сам указна-дэкрэтны прынцып быў забаронены ў сфэры эканомікі для пачатку. Вось гэта ёсьць прынцыповы крок. Бо большасьць дэкрэтаў у эканамічнай сферы былі вельмі дрэннымі і нанесьлі вялікую шкоду”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можа адмена дэкрэту нумар 40 станоўча адбіцца на магчымасьці прыходу ў Беларусь замежных інвэстыцыяў?”

(Патупа: ) “Галоўнае для замежных і айчынных інвэстыцыяў – гэта сыстэма гарантыяў. 40-ы дэкрэт – гэта нейкая прававая шызафрэнія, гэта відавочна. Патрэбныя сур’ёзныя гарантыі. Я пакуль ня бачу такіх гарантыяў”.

Міжнародная грамадзкая асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва”, якую ўзначальвае Міхал Марыніч, прапанавала ў “Палату прадстаўнікоў” шэраг паправак у дзеючае заканадаўства, якія дазволяць пэўным чынам лібэралізаваць беларускую эканоміку. Вось што кажа Марыніч пра адмену 40-га дэкрэту.

(Марыніч: ) “У цэлым улада пачынае ўсьведамляць, што яна знаходзіцца ў тупіку, і не прадпрымаць якіх-небудзь рухаў – зараз проста сьмяротна. Аднак гэтыя дзеяньні не гавораць пра нейкія буйнамаштабныя зрухі – гэта сама сытуацыя дыктуе свае ўмовы. І гэта ўжо добра”.

Сапраўды, варта адзначыць, што зараз на Аляксандра Лукашэнку узмацніўся ціск з розных бакоў – з Расеі, Захаду, ад беларускай бізнэс-эліты. Напрыклад, як нам стала вядома, у адміністрацыі прэзыдэнта разглядаецца магчымасьць адмены гэтак званай залатой акцыі – якая замацоўвае за дзяржавай 50 адсоткаў акцыяў прадпрыемстваў. Відавочна, аднак, што першы крок урадаў пакуль не аднавіў даверу паміж прадпрымальнікамі і беларускімі ўладамі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG