Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКОЙЛ” МОЖА КУПІЦЬ ГАРАДЗЕНСКІ “АЗОТ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня "Азот" зьяўляецца стратным — страты на 14 мільярдаў рублёў (гэта афіцыйная лічба). Ці патрэбнае расейскай кампаніі стратнае прадпрыемства? З сайту "Лукойла" можна даведацца, што ён мае актываў на 38 мільярдаў даляраў і займае па прыбытках 60-е месца ў сьвеце. А страты гарадзенскага аб'яднаньня ў далярах складаюць менш за 10 мільёнаў. Мяркуючы па ўсім, гэта ня вельмі вялікая сума для нафтавай кампаніі.

Старшыня Незалежнага прафсаюзу "Азоту" Сяргей Антусевіч зьвяртае ўвагу на такую акалічнасьць: у 1995 годзе цікавасьць да прадпрыемства выяўляла іншая расейская кампанія "Газпрам". "Азот" — галоўны спажывец прыроднага газу ў вобласьці. Аднак тады Аляксандар Лукашэнка не дазволіў яго акцыянаваць, цяпер самі ўлады прапанавалі гарадзенскае аб'яднаньне "Лукойлу", які больш цікавіцца "Нафтанам" і "Полімірам", пабудаванымі пазьней за "Азот".

Пакуль невядома, ці прыме расейская кампанія прапанову. Працаўнікі аб'яднаньня абмяркоўваюць два бакі справы. Прыватны капітал звычайна забясьпечвае лепшы эканамічны стан, большыя заробкі. Аднак ці не пачнуцца скарачэньні, ці будзе захаваная сацыяльная база?

Прадпрыемства часткова аплачвае вялікі шпіталь, ім жа пабудаваны, а таксама Палац культуры, прафілякторый, турбазу, дзіцячыя садкі.

Сёньня дзяржава фактычна стрымлівае разьвіцьцё аб'яднаньня. Страты выкліканыя абавязковымі пастаўкамі ўгнаеньняў калгасам. Разьлічыцца яны ня ў стане, праўда, рабочых гэта не асабліва турбуе, паколькі яны маюць працу і атрымліваюць заробак. За жнівень у сярэднім — 268 тысяч рублёў, хаця з-за стратаў не выдаюць розныя даплаты. Урад нават быў вымушаны вызваліць прадпрыемства ад выплаты падатку на даданую вартасьць.

Старшыня Незалежнага прафсаюзу Сяргей Антусевіч прызнаўся мне, што выклікае непакой іншае. Калі "Лукойл" згодзіцца на прапанаваныя ўрадам умовы, усё можа адбыцца таемна. Лепей, каб правялі адкрыты тэндэр, каб выбраць інвэстара, які прапануе найлепшыя ўмовы. Ня выключана, што ў ім узялі б удзел заходнія кампаніі, зь якімі цесна супрацоўнічае "Азот". Ва ўсякім разе, раней такія прапановы былі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG