Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЕ І ЎСЁ – НА ДАЖЫНКІ!


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Беларускае рачное параходзтва вымусілі прыгнаць з абласнога цэнтру ў Мазыр ажно два цеплаходы, іх павінна было быць болей, нізкі ўзровень вады ў рэках не дазволіў прыйсьці цеплаходам зь Пінску і Берасьця.

Начальнік параходзтва Міхаіл Туманаў мэту далёкага ваяжу называе неахвотна. "Будзем скарыстоўваць цеплаходы дзеля прагулак", — нарэшце кажа начальнік. Іншыя крыніцы паведамляюць, што цеплаходы на Прыпяці будуць выконваць ролю дэкарацыі гэткага Пацёмкінскага флёту, бо нават грузавыя перавозкі на Прыпяці, ня кажучы пра пасажырскія, наблізіліся за апошнія гады амаль да нулю.

Улады да таго ж загадалі параходзтву адрамантаваць да "Дажынак" даўно зачынены ў Мазыры рачны вакзал. Аўтаперапрацоўчы завод выдаткаваў 300 мільёнаў рублёў на рэканструкцыю Кургана Славы.

Іншыя прадпрыемствы, да прыкладу, транспартыроўкі нафты "Дружба" давалі вялікія грошы на замену ў цэнтры Мазыра шыфэрных дахаў на мэтала-чарапічныя, на ўстаноўку новай вулічнай агароджы і новых ліхтароў. Прынамсі, на вуліцах Савецкай, Інтэрнацыянальнай, Пралетарскай ды іншых цэнтральных устанавілі 490 так званых натрыевых ліхтароў. Старыя зьнялі й скарысталі дзеля асьвятленьня больш аддаленых ад цэнтру мікрараёнаў.

Вялікі фінансавы цяжар прынялі на сябе будаўнікі трэсту "Мазырсельбуд". Горад ужо завінаваціўся ім за рэканструкцыю цэнтральных пляцаў 520 мільёнаў рублёў.

Між тым, у Мазыр ужо сёньня прыехалі прадстаўнікі службы аховы прэзыдэнта і гандляры. Першыя займаюцца падрыхтоўкай бясьпекі галоўнага госьця "Дажынак", другія разгортваюць на Страконіцкім бульвары і яшчэ чатырох пляцоўках кірмашы, дзе будуць прадаваць гародніну і жывёлагадоўчай прадукцыі. Праўда, і ў іншых гарадох, уключна з абласнымі цэнтрамі, фірмовыя крамы мясакамбінатаў заўважна апусьцелі. Гандляркі кажуць пакупнікам, што ўсё на "Дажынках".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG