Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДВЫШЭНЬНЕ ЗАРОБКУ З 1 ЛІПЕНЯ – ПАПУЛІСЦКІ КРОК УЛАДАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

З 1 ліпеня мінімальны заробак у Беларусі падвысіцца да 7 500 рублёў, а тарыфная стаўка першага разраду — да 14 500 рублёў. Паводле ўрадавай інфармацыі, вынікам будзе 24%-ы рост заробкаў бюджэтнікаў, у прыватнасьці, лекараў і настаўнікаў.

Між тым, урадавы клопат пра дабрабыт работнікаў, якіх фінансуюць зь бюджэту, асаблівай радасьці ў іхным асяродзьдзі не выклікае. Гаворыць загадчыца сацыяльна-эканамічнага аддзелу прафсаюзу адукацыі Валянціна Гнязьдзілава:

(Гнязьдзілава: ) "Гэтага, вядома ж, мала. Вось напрыклад, настаўнік матэматыкі, малады спэцыяліст. Толькі скончыў ВНУ, прыйшоў у школу. Дык колькі ж ён будзе зарабляць? Аж 87 700 рублёў. Выхавальнік прыйдзе ў дзіцячы садок, і з 1 ліпеня будзе атрымліваць ажно 56 тысяч. Мінус падаткі".

(Карэспандэнт: ) "Зь якой мэтай, на ваш погляд, урад падвысіў бюджэтнікам заработную плату?"

(Гнязьдзілава: ) "Мусіць жа трэба да прэзыдэнцкіх выбараў паказаць людзям, што ўрад і прэзыдэнт клапоцяцца пра настаўніка".

(Карэспандэнт: ) "У свой час Аляксандар Лукашэнка абяцаў сярэдні заробак у краіне 100 даляраў".

(Гнязьдзілава: ) "Што гэтыя 100 даляраў! Калі цэны вырасьлі, калі плата за кватэру ўзрасла. Калі плата за дзіцячы садок большае. Гэта ж усё з тых самых 100 даляраў, якія нам яшчэ абяцаюць. А што ж тады застанецца?"

(Карэспандэнт: ) "Валянціна Ўладзімераўна, прафсаюзы зьвярталіся са сваімі прапановамі ў пытаньні павелічэньня заробкаў бюджэтнікам?"

(Гнязьдзілава: ) "Зьвярталіся шмат разоў. Стаўка заработнай платы мусіць быць ня меншай за заработную плату ў прамысловасьці".

Але, як зазначыла Валянціна Гнязьдзілава, пакуль да гэтага ўзроўню далёка. Не задаволеныя памерам падвышэньня заробкаў і іншыя бюджэтнікі.

Фэдэрацыя прафсаюзаў напярэдадні зьвярталася ва ўрад з прапановай павялічыць тарыфную стаўку першага разраду да 17 000 рублёў. Паколькі, на думку прафсаюзаў, цяперашняе павелічэньне "зьесьць" інфляцыя. Як вынік, звыш 40% насельніцтва краіны па-ранейшаму застануцца за мяжой беднасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG