Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ АТРЫМАЕ “БАЛТЫКА” КАНТРОЛЬНЫ ПАКЕТ АКЦЫЯЎ “КРЫНІЦЫ”?


Віктар Дзятліковіч, Масква

Расейскія фінансавыя карпарацыі даўно не хаваюць жаданьня набыць прыбытковыя беларускія прадпрыемствы. Перш за усё гэта тычыцца нафтаперапрацоўчае ды хімічнае прамысловасьці. Аднак, расейскія экспэрты адзначаюць, што да апошняга часу тое было немагчыма праз пазыцыю беларускіх уладау ды асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Вось што сказаў Радыё Свабода прадстаўнік адной з расейскіх фірмаў, якая мае сувязі з беларускімі нафтаперапрацоўчымі заводамі:

"У сваім жаданьні набыць, напрыклад, заводы "Нафтан" ці "Палімір", расейскія алігархі дзейнічаюць вельмі актыўна. У іх ёсьць лябісты на ўзроўні некаторых віцэ-прэм'ераў беларускага ўраду. Аднак пакуль тыя намаганьні ня мелі выніку".

На думку майго суразмоўцы, адзінае, што можа падштурхнуць Лукашэнку прадаць заводы – гэта недахоп грошай напярэдадні выбараў. Аднак, лічыць ён, і тут мусіць узяць верх прагматызм:

"Можа гэтыя грошы і дапамогуць Лукашэнку на выбарах, але што ён будзе рабіць потым, калі згубіць кантроль над стратэгічнымі галінамі эканомікі?"

У любым выпадку, шукаючы адказу на пытаньне – ці гатовы беларускі бок прадаваць свае прадпрыемствы, расейскія бізнэсоўцы будуць арыентавацца на вынік супрацоўніцтва "Балтыкі" з "Крыніцай". І перш за ўсё на тое, ці атрымае "Балтыка" за свае інвэстыцыі ў 50 мільёнаў даляраў кантрольны пакет акцыяў беларускага заводу.

Расейская бізнэсовая газэта "Ведомости" прыводзіць словы галоўнага тэхноляга канцэрну "Белхарчпрам" Валянціна Варанчука, які адмаўляе такую магчымасьць. Паводле чыноўніка, "пакуль размовы пра удзел "Балтыкі" у акцыянэрным капітале "Крыніцы" ня йдзе".

З іншага боку аналітык кансультацыйнае фірмы UFG Аляксей Крывашапка заявіў:

"Інвэстыцыі "Балтыкі" будуць мець сэнс толькі тады, калі кампанія атрымае кантрольны пакет акцыяў "Крыніцы". У адваротным выпадку лягчэй было б пабудаваць новы завод у Расеі паблізу мяжы з Беларусьсю і проста экспартаваць піва".

Мой ранейшы суразмоўца пракамэнтаваў гэтую сытуацыю так:

"На маю думку, беларускі бок аддасьць расейцам частку акцыяў "Крыніцы", але зробіць усё, каб пакінуць кантрольны пакет у сваіх руках".

Аднак, якую выгоду будзе мець тады "Балтыка"? Газэта "Ведомости" робіць такую выснову: калі "Балтыка" не атрымае кантрольнага пакету "Крыніцы", "можна будзе казаць, што расейскі піўны гігант папросту гуляе у палітыку". Гэта значыць, што расейцы чакаюць ад Лукашэнкі нейкіх іншых прэфэрэнцыяў акрамя акцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG