Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВНУ САМІ БУДУЦЬ ВЫЗНАЧАЦЬ КОШТЫ ПЛАТНАГА НАВУЧАНЬНЯ


Ганна Соусь, Менск


Паводле ўказу Лукашэнкі, рэктары ВНУ могуць цяпер не ўзгадняць "наверсе" кошты платнага навучаньня. Але гэтыя кошты мусяць вызначаць адпаведна памерам эканамічных выдаткаў, узроўню рэнтабэльнасьці ВНУ і попыту на канкрэтныя спэцыяльнасьці.

Вось як тлумачыць гэтую навацыю рэктар Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка Леанід Ціханаў:

(Ціханаў: ) "Рэч у тым, што яны зьнялі падаткі з вышэйшых навучальных установаў. З-за гэтага нас абавязалі паменшыць плату за навучаньне адпаведна зь меншымі падаткамі.

Вось, прыкладам, найдаражэйшае дзённае навучаньне каштавала ў нас 850 даляраў, вечаровая форма самая дарагая была 480 даляраў, а завочная была 320 даляраў.

Калі будзем цяпер згодна з указам вызначаць кошты, дык будзе 645 — дзённае навучаньне, вечаровае 360 даляраў, а завочнае будзе каштаваць 245 даляраў".

Я запыталася ў рэктара Пэдагагічнага ўнівэрсытэту, ці будзе якая карысьць ягонай установе ад гэтага ўказу.

(Ціханаў: ) "Нам карысьці, вядома, аніякай, але гэта будзе добра для студэнтаў".

Але ж, паводле Леаніда Ціханава, цалкам самастойна вызначаць кошты не атрымаецца — ёсьць пэўныя абмежаваньні.

(Ціханаў: ) "Я магу вызначыць кошт за навучаньне не 570 даляраў, а 550 ці 530, але ня больш за 570 даляраў. Мы падлічваем цяпер, колькі рэальна каштуе навучаньне. Кошт сапраўдны ня больш за 570 даляраў".

Нам стала вядома, што пэўнае дачыненьне да зьяўленьня ўказу мае рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандар Казулін, які ўзначальвае Раду рэктараў. Некалькі тыдняў таму ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, нібыта менавіта тады спадар Казулін прасунуў гэтую навацыю.

Раней трэба было плаціць даволі вялікія падаткі з тых грошай, што атрымлівалі ВНУ ад студэнтаў платных формаў навучаньня. А цяпер усе сродкі будуць накіроўваць непасрэдна на ўласныя патрэбы — на выплату заробкаў выкладчыкам, навучальна-мэтадычнае забесьпячэньне, гаспадарчыя справы ды іншае.

Прэсавы сакратар БДУ Ігар Чарткоў мяркуе, што такі захад будзе карысны для бюджэтаў вышэйшых навучальных установаў, але пакуль невядома, ці выйграюць ад гэтага студэнты, асабліва малазабясьпечаныя. Бо, згодна з указам, кошты залежаць і ад попыту на пэўныя дысцыпліны, таму самыя прэстыжныя спэцыяльнасьці могуць зрабіцца і найдаражэйшымі.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG