Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Тацяна Барысік


Тацяна Барысік, Магілёў

29 лютага

Пасярод цемры зайграла музыка. Невядома зь якой радасьці надзвычай гучна. Спрабую расплюшчыць вочы. Не атрымліваецца. А вось глузды ўжо ачомаліся і зразумелі: гэтая музыка — пазыўныя перадачы “Сельская раніца”. Яшчэ да сьвітаньня радыё прымушае мяне канчаткова пазбавіцца ад сноў, мрояў ды мараў. У адну раку нельга ўвайсьці двойчы. У цьвілай канаве можна сядзець бясконца. З дня ў дзень — адно і тое ж, толькі геаграфічныя назвы розныя: Кармянскі раён, Чашніцкі, Быхаўскі. Празьмерна бадзёрыя галасы вяскоўцаў у эфіры пераконваюць самі сябе ва ўласнай шчасьлівай долі:

— Я не шкадую, што застаўся тут!

Кожны калгас — рай зямны.Сёньня распавядаюць пра паселішча з тыповай савецкай назвай у Мядзельскім раёне. Рэгулярныя выплаты заробкаў, жытло для маладых, добраўпарадкаваная амбуляторыя. Толькі чамусьці большасьць жыхароў — састарэлыя людзі, у адзіным на ўвесь сельсавет дзіцячым садку — трынаццаць дзетак.

Заўсёднае пытаньне:

— За што вы любіце родную вёску?

Заўсёдны адказ:

— Тут цудоўная прырода. Узгоркі, лес, рэчка.

Маланкаю бліснула згадка. За што я люблю родную вёску — такой была тэма хатняга сачыненьня. Дзесяцігадовы жыхар цэнтральнай сядзібы калгасу паўгадзіны пакутаваў над чыстым аркушом паперы. Урэшце ня вытрымаўшы, паведаміў маці:

— Я наогул не люблю сваёй вёскі.

Назаўтра хлопчык прынёс у школу хатняе заданьне. Усё як мае быць — узгоркі, лес, рэчка. Дарослыя дапамаглі напісаць хаця й няшчыра, але затое па-людзку.


1 сакавіка

Пачалася каляндарная вясна. Адна з FM-станцыяў з гэтай нагоды віншуе сваіх слухачоў расейскай папсовай песьняй пра каханьне Машы, Дашы і Вовы. На ўсю краіну гучаць простыя запамінальныя словы прыпеву:

— Блін ё маё!

Сьвяточны настрой у нас стварыць заўсёды ўмеюць.

Ізноў сыпле сьнег. Спачатку ён падобны на рыпучы крухмал, пасьля плавіцца, бы сала на патэльні.

— Паслухай, а што ў нас цяпер: зімовая вясна ці вясновая зіма?

— Вясновая зіма.

— Не, няпраўда. Вось глядзі,калі б ты заснуў у жніўні, а цяпер прачнуўся ды прыгледзеўся навокал, дык што б ты сказаў?

— Хачу клубніц! — прыгадваецца размова пяцігадовай даўнасьці між двума п’янымі хлопцамі. Упершыню на свае вочы давялося пабачыць рэдкую зьяву — людзі паразумнелі ад выпітай гарэлкі.

Уключаю тэлевізар. Трапляю на канал БТ.

— Женщины, рожайте побольше детей! — з дурнавата-салодзенькай усьмешкаю кажа абсалютна цьвярозая вядучая.


2 сакавіка

— Віншую дарагога татачку і дзядулю. Клапатлівага, чулага чалавека...

— Сорак гадоў наша маці адпрацавала на фэрме. Мае граматы і ўзнагароды за працоўныя дасягненьні...

— Нашага дырэктара ўсе ведаюць як сапраўднага майстра сваёй справы і цудоўнай душы чалавека.

І вось так штодня дзьве гадзіны запар. Усе чулыя, спагадныя, працавітыя. Слухаючы віншаваньні, міжволі задумваесься: адкуль жа тады на нашай зямлі столькі паскудзтва?

— Завалінка, завалінка, вся рядышком родня...

Распаўсюджаная вясёлая песенька, відаць, пра нейкую ўсходнюю краіну. Што не пра Беларусь — дакладна. Перакладам тут справу не паправіш. Чаму ж тады шмат каму падабаецца прапагандаваць нетутэйшую кепскую звычку, пішучы і гамонячы пра пасядзелкі на прызьбе ў нашых вёсках. Адметнасьці гэта творам ніяк не дадае, а людзей у зман уводзіць.

Я гадавалася ў вёсцы, але ніводнага разу ня бачыла, каб нехта на прызьбе сядзеў. Зімою са страхі капае, сьнегу намятае, вясною і восеньню там прылады працы ляжаць, летам прызба раскіданая. Што за адпачынак такі? Адзёжу пылам і пяском запэцкаеш. Сядзеш усёй раднёй, як у песьні, — наогул бяз прызбы застацца можаш, пабурыцца. Ды і плот на вуліцу глядзець замінае. Хто пайшоў, хто прыйшоў — не відаць. Суседзі на лавачках гуляюць. Вось калі чалавек ні лаўкі, ні плота ня мае, прызбу раскідае раз на дзесяць гадоў — такі варыянт яму падыходзіць. Толькі пахваліцца тут няма чым: або ён апівоха, або не адсюль родам: паўсьвету аб’ехаў — нідзе не прыжыўся.


3 сакавіка

Раніцою вяртаюся з працы. Аўтобус коціцца па засьнежанай дарозе. Паўсюль сьнег, куды ня кінь вокам. Ну і няхай. Абы лета дажджамі не зьвінела, як сказаў адзін з пасажыраў.

З кожным днём усё мацней сумую па Круглоніве. Я ўжо больш за месяц не была там, таму Круглоніва мроіцца мне нават у засохлым сьвятаяньніку, што тырчыць з-пад сьнегу. Правядзеш па кветцы рукою трымценьне-плач пачуеш. Круглоніва паўсюль: і ў плачы гэтым, у снах, успамінах, у заўчорашнім тэлефанаваньні матчыным, на фатаздымках, якія нібыта знарок на вочы трапляюцца. Паўсюль — апроч абласной мапы.

Колькі разоў я ўглядалася ў мапу тую, спадзеючыся на цуд. Дарэмна. Ёсьць Бабруйск, ёсьць Глуск, ёсьць Глуша з Гарохаўкаю. Нават Фартуны і Дворышчы ёсьць, а Круглонівы няма паміж імі. Забыліся, пазначылі толькі Круглоніўскія могілкі праз дарогу. Але мы жывыя, жывыя, суеце! Дзядуля, бабуля, маці, аднавяскоўцы, землякі, сваякі, што па сьвеце разьехаліся, ды і я сама. Мы не пасьпелі да афіцыйна прызначанага тэрміну памерці, прабачце нас. Я ж у гэтай вёсцы-могілках гаварыць навучылася. Там усё маім было! Нават буслоў — і белых і чорных — лічыла дзедавымі. Там цяпер толькі дзесяць чалавек засталося. Але якія гэта людзі! Яны ж дасюль да кірмаша на Тройцу рыхтуюцца. Кірмаш для іх дасюль застаўся сьвятам аднавяскоўцаў і родзічаў, а ня месцам гандлю. На кірмаш едуць без запрашэньня. Нават старыя ў найлепшыя строі ўбіраюцца. Жывых сустракаюць і памерлых адведваюць. Нават калі ў Круглоніве не застанецца нікога, яна будзе для мяне цэнтрам сусьвету, а ня зьніклаю вёскай.

На чужынскай мове зноў зьвягаюць пра ідэалёгію.Сьціхніце! Мне ня трэба вашая ідэалёгія і мапа таксама. Мяне няма, маёй радзімы няма. Раз хаваеце жыўцом, дык не прымушайце з труны глядзець на вас з падзякай і аптымізмам.


4 сакавіка

Чалавек — гэта гучыць годна. Але мядзьведзь за яго шчасьлівейшы. Адбыўшы на працы начную зьмену, марыш стаць не чалавекам зь вялікай літары, а звычайным мядзьведзем у бярлозе ці хаця б сурком.

— Гэта ня мы такія, гэта жыцьцё такое, — прамовіла ўчора пасажырка вячэрняга тралейбуса.

— Я чэсны чалавек! Я беларус! Я ў Бялынічы еду! Мне здачы за праезд ня нада, — паведамляў кандуктару і іншым суайчыньнікам пасажыр, паказваючы ўсе свае грошы. Сто пяцьдзясят тысяч. Багатым не даедзе — уважлівыя, чулыя да чужога заробку не дазволяць.


5 сакавіка

Даўно ня бачыла такой сонечнай раніцы. Усе прывіды і страхі пахаваліся за даляглядам. Я гляджу ў акно і патанаю ў сонечных промнях. Вясна ідзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG