Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 23 САКАВІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Голас Беларуса”, 1924 год. Падзеі пасьля далучэньня Віцебшчыны да БССР:

“У самім Віцебску беларускае слова пачулася ў Пэдагагічным Інстытуце: лекцыі Гарэцкага, Мялешкі, асабліва Лёсіка, зацікавілі студэнтаў і адкрылі новыя погляды на беларускую мову. Ня гледзячы на тое, што лекцыі чыталі 3-му курсу, аўдыторыі Інстытуту былі напоўнены ня толькі студэнтамі, але і прыватнымі грамадзянамі. Разам са студэнтамі зацікавілася Беларусьсю тутэйшая газэта “Известия”, якая зьмясьціла вялікую стацьцю “Что такое Белоруссия и кто такие белорусы”. Вялікае ўражэньне на грамадзян зрабіў прыезд у Віцебск старшыні Рады Народных Камісараў Беларусі Чарвякова, Ігнатоўскага і іншых. Віцебскі павятовы адзьдзел асьветы праектуе ў траўні арганізаваць курсы беларусазнаўства”.

“Вечерний Минск”, 1974 год:

“У выдавецтве “Вышэйшая школа” выйшла кніга Л.Дробава “Жывапіс Беларусі ХІХ—пачатку ХХ ст.”. На фоне гістарычнага разьвіцьця грамадзтва ў кнізе разглядаецца станаўленьне партрэтнага, гістарычнага, побытавага і пэйзажнага жанраў жывапісу. Аналізуецца творчасьць такіх майстроў пэндзля як Ян Дамель, Іосіф Аляшкевіч, Валянцін Ваньковіч, Іван Хруцкі і інш. На вялікім фактычным матэрыяле паказаная роля Віленскай школы жывапісу, Пецярбургскай Акадэміі мастатцваў і іншых навучальных установаў. У кнізе рэпрадукуецца больш за 260 работ мастакоў Беларусі”.

“Народная газета”, 1994 год:

“Абсалютная большасьць маіх суразмоўцаў пагаджалася, што 100%-я шанцы быць высунутым дэпутатамі Вярхоўнага Савету мае толькі прэм’ер-міністар Беларусі Вячаслаў Кебіч. Таксама ня выключана, што знайдзецца 70 народных дэпутатаў, якія падтрымаюць Старшыню Вярхоўнага Савету Мечыслава Грыба і нават кажуць пра надзвычай нязначны шанец народнага дэпутата Аляксандра Лукашэнкі. У тым, што Аляксандар Рыгоравіч будзе біцца за пост прэзыдэнта, не сумняецца ніхто, а партыя “Славянский собор” нават заявіла, што менавіта яму ўсяляк зробіць падтрымку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG