Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса розных гадоў 5 лютага


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі



“Настаўніцкая газэта”, 1964 год:

“Цікава жыве настаўніцкі і вучнёўскі калектыў школы рабочай моладзі гораду Клімавічы Магілёўскай вобласьці. Моладзь тут ня толькі вучыцца, школа для яе — любімае месца адпачынку ў вольны час. Сюды зьбіраюцца вучні на вечары. На адзін зь вечароў вырашылі запрасіць жонак навучэнцаў. Мнагалюдна тады было. Адкрыла вечар настаўніца т.Харкевіч. Яна дзякавала жанчынам за тое, што яны робяць магчымай вучобу для сваіх мужоў, бяруць на сябе дадатковыя клопаты па гаспадарцы. Дырэктар школы М.С.Лейтус, зьвяртаючыся да прысутных, сказаў: “Нядрэнна было б, каб і самі вы, асабліва маладыя, у каго няма дзяцей, вучыліся разам з вашымі мужамі”. Некаторыя з жанчын абяцалі паступіць у школу. Затым навучэнцы выступілі з канцэртам. Вучні, настаўнікі і госьці танцавалі, весяліліся. Усе былі задаволены гэтым вечарам”.

“Вечерний Минск”, 1974 год:

“Дзявяты год юнакі і дзяўчаты Менскага пэдагагічнага інстытуту імя А.М.Горкага ў час зімовых вакацыяў робяць паходы па роднай зямлі, багатай рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы. Сёлета студэнты наведалі больш за сто школаў, вывучылі досьвед найлепшых настаўнікаў рэспублікі па ўкараненьні прагрэсіўных формаў і мэтадаў навучальна-выхаваўчай работы. У сваіх заплечніках турысты прынесьлі навінкі мэтадычнай літаратуры, навучальныя і наглядныя дапаможнікі па фізыцы, хіміі, біялёгіі, распрацоўкі патрабаваньняў па комплексу “Гатовы да працы і абароны СССР”, а студэнты пэдагагічнага факультэту прывезьлі для дзяцей нават лялечны тэатар”.

“Звязда”, 1994 год. Старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларусі Г.Быкаў:

“Нягледзячы на ўсе перашкоды з боку ўладаў, дата бестэрміновай палітычнай стачкі — 15 лютага — застаецца нязьменнай. Стачка скончыцца толькі пасьля таго, як урад падасьць у адстаўку, Вярхоўны Савет вызначыць канкрэтную дату датэрміновых выбараў і пачнецца фарміраваньне кааліцыйнага ўраду народнага даверу”. Апошнія дні стачачны камітэт мэтанакіравана праводзіць актыўную агітацыйную дзейнасьць на прамысловых прадпрыемствах рэспублікі. Па зьвестках, што мы атрымалі ў стачкаме, больш чым 90% рабочых падтрымліваюць усе патрабаваньні. Аднак на сёньняшні дзень афіцыйна далі згоду на ўдзел у стачцы (прадставілі адпаведныя рашэньні сходаў працоўных калектываў) толькі 22 прадпрыемствы рэспублікі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG