“Минские ведомости”, 1884 год. Матэрыялы паседжаньня Наваградзкай гарадзкой думы:
“Пункт 2. Дазволіць Гарадзкой Управе ўчастак гарадзкой зямлі па Іванаўскай вуліцы, прылеглы да пляцу пад гарадзкімі стайнямі, аддаць у 12-гадовае арэнднае ўтрыманьне двараніну Мустафу Лебедзю пад пабудову і засеў за плату ў гарадзкі прыбытак чыншу па 1 кап. за кожную сажань… Адносна ж захопу Хаімам гарадзкой зямлі даручыць Управе праверыць сумесна з землямерам зямлю, што знаходзіцца ў яго ў арэндзе, і калі адкрыецца захоп гарадзкой зямлі, дык забраць такую належным чынам, прымусіць яго перанесьці плот на ўласную зямлю”.
“Віцебскі пралетарый”, 1934 год:
“Многа дабра прападае дарма на нашай голкавай фабрыцы. Узяць для прыкладу хаця-б такі факт. Стаяць у нас у закальным цэху нафтавыя печы. Трубы дзіравыя, зь іх цячэ на зямлю нафта. Пад печамі стварыліся нафтавыя вазёры. Нядаўна работніца зьбіраючы з-пад печы нафту набрала яе цэлыя чатыры вядра. А колькі нафты ўшло ў зямлю?! У провалакарэзцы, дзе стаяць бакі з нафтай, цэх літаральна заліт нафтай, так як бак дзіравы і цячэ. Ад рэдакцыі. Дырэктару фабрыкі тав.Рагозіну неабходна ў бліжэйшыя дзень-два ліквідаваць непаладкі, аб якіх піша тав.Ступалаў”.
“Знамя юности”, 1964 год:
“Прыгожай зрабілася ажыўленая магістраль, што зьвязала Ленінскі праспэкт з трактаразаводзкім жыльлёвым раёнам, а вуліцы так і не прыдумана іншай назвы як Даўгабродзкая. Мне здаецца, нічым не абгрунтавана і тое, што ў межах гораду ёсьць Магілёўская шаша, Далгінаўскі тракт, усялякія “лініі”. Ужо даўным-даўно Вільня, Тыфліс, Лібава маюць свае новыя назвы — Вільнюс, Тбілісі, Ліепая, а ў Менску так і засталіся Старавіленская, Тыфліская і Лібаўская вуліцы… Няхай назаўсёды сыдуць з вулічных шыльдаў шэрасьць і ўбогасьць мінулага”.