Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 22 СТУДЗЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Могилевские губернские ведомости”, 1914 год:

“Адкрытая падпіска на больш таннае выданьне штотыднёвага ілюстраванага часопісу “Вокруг света”. Гадавыя падпісчыкі атрымаюць: 50 нумароў часопісу “Вокруг света”, 36 тамоў збору твораў Г.Сянкевіча, 12 тамоў славутага сачыненьня Э.Рэк’ю “Зямля”, 12 нумароў “На сушы і на моры”, 12 нумароў крымінальных раманаў, 16 нумароў “Жахі: аповеды са сьвету таямнічага”, 12 карцін — выкшталцоны альбом на некалькі фарбаў. Кошт на год з усімі дадаткамі — 5 рублёў. Пры падпісцы — 3 рублі. У чэрвені — 2 рублі”.

“Віцебскі пралетарый”, 1934 год:

“1. З 22 студзеня 1934 году абвясьціць дэкаднік санітарнага аздараўленьня гораду па ачыстцы ад сьнегу, ільду і нечыстот. Абавязаць усе праўленьні жактаў, дамаўласьнікаў, камэндантаў дамоў, загадчыкаў гаспадарак, устаноў, кіраўніцтва трамвая, дырэктароў прадпрыемстваў вытварыць канчатковую ачыстку двароў, вуліц ад усялякага бруду і нечыстот, вывезьці сьнег і лёд з ходнікаў і вуліц, прылягаючых да іх тэрыторыі. 2. У час замаразкаў памянёным асобам і кіраўнікам прадпрыемстваў абавязаць дворнікаў пасыпаць штодзённа пяском або попелам ходнікі, прылягаючыя к іх дварам і дамам. 3. Для правядзеньня азначанага дэкадніка мабілізаваць увесь прыватны транспарт гораду Віцебска, за плату за лік прадпрыемстваў, устаноў і кіраўніцтва жактаў на тры дні для вывазкі лёду і сьнегу”.

“Рэспубліка”, 1994 год:

“Як ужо паведамлялася ў друку, з ініцыятывы арганізацый НРБ у Менску адбылося пікетаваньне канцэрту Булата Акуджавы. Кульмінацыяй акцыі зрабіўся момант, калі актор Уладзімер Гасьцюхін паламаў кружэлку барда і кінуў яе рэшткі на зямлю. За камэнтаром карэспандэнт “Р” зьвярнуўся да Ўладзімера Гасьцюхіна. “Некалі ў юнацтве, як і многія мае аднагодкі, я вельмі любіў Акуджаву, з задавальненьнем сьпяваў ягоныя песьні… Аднак пасьля таго, як містэр Акуджава даў інтэрвію адной з маскоўскіх газэт, у якім заявіў, што калі ў кастрычніку расстрэльвалі парлямэнт, ён атрымаў асалоду, як ад захапляльнага дэтэктыву, я зразумеў… што ў генах Акуджавы прачнуўся камісар… Атрымліваць асалоду ад пакутаў праціўніка — вяршыня бесчалавечнасьці. Таму я паламаў кружэлку былога свайго куміра. Для мяне больш не існуе мастака і паэта містэра Акуджавы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG