Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 8 СТУДЗЕНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Віцебскі пралетарый”, 1934 год:

“У радзе навучальных устаноў, асобных прадпрыемстваў і калгасаў меліся вылазкі контр-рэвалюцыйных беларускіх нацыянал-дэмакратаў, вялікадзяржаўнага і іншага шовіністычнага парадка. Так, у Віцебскім політэхнікуме студэнт Ламаноўскі, абараняючы контр-рэвалюцыйных беларускіх нацдэмакратаў, гаварыў: “нацдэмы імкнуліся зрабіць Беларусь багатай краінай — Даніяй, але большэвікі не разумелі іх”. У Мазалаўскай ШКМ настаўнік Крыцкі тры месяцы вывучаў з вучнямі вершы нацдэма Багушэвіча… На падрыхтоўчых курсах у педінстытуце выкладчыца Гараніна выкладала па падручніку Лёсіка. Былы загадчык архівам Дзьмітрыеў напісаў “работу”, у якой піша: “Сяляне маёнтка “Стаяк” пры памешчыку жылі добра”.

“Чырвоная змена”, 1974 год:

“У абедзенны перапынак у цэхах Менскага трактарнага заводу рабочыя знаёміліся са Зваротам Цэнтральнага Камітэту КПСС да партыі, да савецкага народа. На ўчасткі прыйшлі прапагандысты са сьвежымі нумарамі газэт. Размаўляем са знатным сталяварам Г.І.Шышко, які выступіў на заводзе з пачынам “Пяцігодку — за чатыры гады”. Цяпер на яго працоўным календары — верасень 1974 году. “Слухаў па радыё, чытаў у газэце Зварот Цэнтральнага Камітэту КПСС, — гаворыць сталявар. — Выдатны дакумэнт, добрыя выклікае пачуцьці. І да многага абавязвае нас. Асабіста я вырашыў перагледзець свае ранейшыя абавязацельствы: заданьне пяцігодкі пастараюся выканаць менш чым за чатыры гады”.

“Знамя юности”, 1984 год:

“Ад звыклых стрэлак і лічбавай індыкацыі адмовіліся стваральнікі новага гадзіньніка супрацоўнікі Менскага навуковага аддзяленьня Цэнтральнага НДІ сувязі. Іхны храномэтар інфармуе пра час прыемным барытонам зь ледзь адчувальным мэталёвым “акцэнтам”. Усталяваная ў пункце аўтаматычнай службы часу гарадзкой АТС навінка зрабілася даступнай кожнаму гараджаніну — дастаткова зьняць слухаўку і набраць патрэбны нумар. Усе існыя ў нашай краіне і за мяжой аналягічныя сыстэмы працуюць згодна з прынцыпам аднаўленьня з магнітнай стужкі тэксту, які нагаварыў дыктар. У прапанаваным менскімі вучонымі комплексе ролю адказчыка выконвае сынтэзатар мовы. Гадзіньнік, які гаворыць, крыху большы за партфэль “дыплямат”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG