Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 15 СЬНЕЖНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Звезда”, 1923 год:

“У сувязі зь пераходам савецкіх установаў і арганізацыяў на беларускую мову, Наркамунутспраў абавязаў усіх супрацоўнікаў падначаленых яму ўстановаў пачаць яе вывучэньне, а таксама пачаць паступовы перавод на беларускую мову дакладаў і інш. вусных службовых распараджэньняў і размоваў, фіксаваньне пратаколаў, выдачу ўсялякіх мандатаў і пасьведчаньняў асобы і весьці на беларускай мове дробную штодзённую канцылярскую перапіску. Абнародаваньне рознага кшталту распараджэньняў мясцовай і цэнтральнай улады мусі, па меры магчымасьці, адбывацца на беларускай, габрэйскай і польскай мовах… Галоўміліцыяй выдадзены загад аб пераходзе ўсёй міліцыі ў 6-месячны тэрмін на размоўную беларускую мову”.

“Беларуская газэта”, 1943 год. Загад №26 шэфа Кіраўнічага Штабу СБМ г. Менску:

“7 сьнежня 1943 году пранізаны бандыцкаю куляй, закончыў сваё працавітае жыцьцё прафэсар д-р інж. Вацлаў Іваноўскі, старшыня сталічнага гор.Менску, старшыня Беларускае Рады Даверу і ст. Беларускага Навуковага Таварыства ў Менску. Вацлаў Іваноўскі быў адным із сэньёраў беларускага адраджэньня. Яшчэ як студэнт супрацоўнічаў ў выданьні “Свабоды” і працаваў у выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Пазьней быў адным з арганізатараў Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту і прыносіў на навуковым полі славу і карысьць Беларусі… Імя прафэсара Вацлава Іваноўскага будуць насіць юнацкія грамады і гурткі, а штогоду, у дзень забавязаньня моладзі, яно будзе ўспамінацца ў шэрагу іменьняў тых, што загінулі за волю і будучыню Беларусі”.

“Народная газета”, 1993 год. С.Плыткевіч інфармуе пра даклад старшыні Часовай камісіі Вярхоўнага Савету ў вывучэньні дзейнасьці камэрцыйных структураў пры органах улады А.Лукашэнкі ў парлямэнце:

“Паколькі даклад будзе надрукаваны ў наступным нумары нашай газэты, то сёньня я ня буду спыняцца на ім падрабязна. Адзначу толькі, што праца членамі камісіі праведзена сапраўды вялікая… Іншая справа — вывады, канкрэтныя прапановы, якія зрабіў у канцы свайго даклада Аляксандар Лукашэнка. Зусім іншая пазыцыя ў народнага дэпутата Сяргея Антончыка, які выступіў з садакладам па гэтаму пытаньню. Па-першае, Сяргей Антончык выказаў зьдзіўленьне, што даклад Аляксандра Лукашэнкі мае такую палітычную скіраванасьць, што ў ім не закранута сама заганная сыстэма ўлады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG