“Віцебскі пралетар”, 1933 год. Артыкул са “Звязды” “За большэвіцкую нацыянальную палітыку”:
“Асноўны прынцып, які партыя заўсёды праводзіла ў нацыянальнай палітыцы — барацьба на два франты — супроць вялікарускага шавінізму і мясцовага нацыяналізму. Пытаньне аб тым, куды на даны момант павінен быць накірован галоўны агонь, якая небясьпека зьяўляецца галоўнай, партыя вырашае ў залежнасьці ад канкрэтных абставін і ўмоў барацьбы. Да гэтага часу мы галоўны агонь накіроўвалі супроць вялікарускага шавінізму як небясьпекі для інтэрнацыянальнага адзінства працоўных. А зараз, у сувязі са зьменамі, што адбыліся ў Беларусі, мы інакш фармулюем пытаньне аб галоўнай небясьпецы, прызначаючы ёю беларускі нацыяналізм”.
“Вечерний Минск”, 1973 год:
“Дваццаць пяць гадоў таму Генэральная Асамблея ААН прыняла Агульную дэклярацыю правоў чалавека, якая абвесьціла, што “ўсе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасьці і правах”. Гады, што мінулі з дня прыняцьця дэклярацыі, прыкметна звузілі магчымасьці імпэрыялізму. Пад націскам паўсталых народаў руйнуюцца апошнія запаведнікі каляніялізму. Усё больш рашуча вядзе штурм асноваў капіталізму міжнародная рабочая кляса. Падхопленае неадольным усясьветным рэвалюцыйным працэсам, чалавецтва ідзе да трыюмфу вялікага прынцыпу свабоды чалавека ад усялякага гвалту. Надыдзе час, калі ва ўсіх кутках нашай плянэты можна будзе вымавіць словы: “Чалавек — гэта гучыць горда!”
“Могилёвские ведомости”, 1993 год:
“У адпаведнасьці з Дагаворам аб абмежаваньні звычайных узбраеньняў Расея практычна скончыла зьнішчэньне часткі сваіх самалётаў, што дысьлякаваліся ў Бабруйску. Падрыхтоўчыя працы, дэмантаж абсталяваньня, разьдзелка фюзэляжаў яшчэ ўчора магутных Ту-16 працягвалася амаль два гады. Недасьведчанаму ў высокай палітыцы чалавеку наогул балюча бачыць вялізных серабрыстых птушак, парэзаных на часткі. Ные сэрца і ў бабруйскіх лётчыкаў, чый лёс зьвязаны з надзейнымі Ту. Такім чынам, старажытны вайсковы горад на Бярэзіне зноў разьвітваецца са зброяй, гэтым разам — расейскай. Раней да памеру корпусу была скарочана 5-я гвардзейская танкавая армія”.