“Беларус”, 1973 год:
“Як і кожнага году, сёлета 17–18 лістапада адбылася ў Чыкага Міжнародная выстаўка нацыянальнага мастацтва й культуры, спалучаная зь кірмашом ды кулінарыяй розных народаў. У выстаўцы прыймалі ўдзел прадстаўніцтвы ад 50 народаў розных кантынэнтаў. За два дні наведала выстаўку больш за 100 тысячаў людзей розных расаў і нацыянальнасьцяў. Выстаўку адчыніў сам бурмістр Чыгаскай мэтраполіі Рычард Дэйлі ў асысьце рэпартэраў прэсы й тэлебачаньня. Пасьля ён абыйшоў сотні стоішчаў розных нацыянальнасьцяў ды іх прадстаўнікоў. Пры беларускім культурна-нацыянальным стоішчы сустрэлі бурмістра ягоныя арганізатары, а таксама беларускае духавенства ў васобах біскупа Ч.Сіповіча, а. Уладзімера Тарасэвіча й а. Алега Мірановіча… Беларускія стоішчы, як і ў мінулых гадох, зьбіралі вакол сябе найбольшыя гурты наведвальнікаў”.
“ЛіМ”, 1983 год. У.Пузыня піша:
“Зь вялікай увагай пазнаёміўся з Заявай Генэральнага сакратара ЦК КПСС, Старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР Юрыя Ўладзімеравіча Андропава. Гэты важны дакумэнт выражае волю нашага народу, які ў мінулую вайну страціў дваццаць мільёнаў сваіх сыноў і дачок… Я веру — вайны не павінна быць. Я хачу, каб дзеці мае ня бачылі жахаў, якія давялося зьведаць у маленстве іх бацьку. І разам з усімі савецкімі людзьмі ўзьнімаю голас у падтрымку Заявы таварыша Юрыя Ўладзімеравіча Андропава, у падтрымку зьнешняй міралюбай палітыкі Савецкага ўраду, якая знаходзіць разуменьне ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва”.
“Народная газета”, 1993 год:
“У вайсковым судзе Менскага гарнізону пачалося слуханьне грамадзянскай справы на пазоў старшыні Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў падпалкоўніка ў адстаўцы Мікалая Статкевіча. Пазоў аб незаконным звальненьні Статкевіча з Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь прад’яўлены Міністэрству абароны Беларусі і Менскай вышэйшай ваеннай інжынэрнай вучэльні. На першым пасяджэньні былі заслуханы хадайніцтвы бакоў. Па адным зь іх старшыня вынес рашэньне запрасіць у суд для далейшага разгляду справы двух перакладчыкаў, якія б вялі сынхронны пераклад зь беларускай мовы — на ёй гаворыць практычна ўвесь бок таго, хто падаў пазоў”.