Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 21 ЛІСТАПАДА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1913 год. “Ліст брату” Янкі Ўсьціновіча:

“Ты раіш мне прыняць маскоўскую мову. Як “агульную”, а сваю бацькоўскую, быццам, “дзікую і ламаную”, атдаць забыцьцю. Цікава, дзе ты знайшоў, што маскоўская мова агульная мова? Як я ведаю, дык толькі ў адных маскоўцаў-вялікарусоў яна агульная, як гэта і павінна быць, а ўсе іншые народы: Беларусы, Украінцы, Палякі, Грузіны, Армяне, Чэркасы, Молдавяне, Чэрэмісы, Літвіны, Латышы і ўсе, сколькі іх налічвае географія па эўрапэйскай і азіяцкай Расеі, маюць і ўжываюць агульна ўсе сваю мову, а мова маскоўская для ўсіх іх, гэта мова урадовая, афіцыяльная, катору трэба знаць, але ня гожа, калі яе стараюцца праз цэркву, школу і інш. накінуць паняволеным народам”.

“Настаўніцкая газэта”, 1973 год:

“У летапісе роднага краю, які вядуць краязнаўцы Веткаўскай сярэдняй школы №1, зьявіўся новы разьдзел “Емяльян Пугачоў у нашым краі”. Штуршком для пачатку пошукаў сталі для юных гісторыкаў радкі з твору А.С.Пушкіна “Гісторыя Пугачова”: …вядома ўжо было, што пасьля сваіх уцёкаў скрываўся ён за польскай граніцай у раскольніцкай слабадзе Ветка”. Школьнікі ўстанавілі, што ўпершыню Е.Пугачоў трапіў у Ветку ў 1764 годзе з воінскім атрадам, які прыбыў, каб вывесьці адсюль уцёклых раскольнікаў. Краязнаўцы раздабылі фатакопію пашпарту, выдадзенага Пугачову на граніцы Беларусі, некаторыя іншыя цікавыя матэрыялы”. Інфармацыя пра беларускі пашпарт Пугачова, што там казаць, сапраўды надзвычай нечаканая…

“Биржи и банки. Белорусская деловая газета”, 1993 год. Параўноўваючы выступленьні на сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі С.Шушкевіча і В.Кебіча, Аляксандар Міхальчук адзначае:

“Можна толькі зьдзіўляцца, чаму Станіслаў Шушкевіч гэтак рупліва раней хаваў свае магчымасьці. Канечне, на ягоны даклад папрацавалі сур’ёзныя эканамісты-аналітыкі рынкавага кірунку. Упершыню кіраўнік парлямэнту выказаў простыя абвінавачаньні на адрас ураду, пасьля якіх у нармальнай дзяржаве кабінэт проста мусіць пайсьці ў адстаўку. В.Кебіч так і не прызнаўся, які з двух абяцаных з падрыхтаваных варыянтаў ён паднёс парлямэнту, аднак тое, што абраны аказаўся пройгрышным, наўрад ці выклікае сумненьні. Тым ня менш, высокая верагоднасьць таго, што ніякіх радыкальных пераменаў не адбудзецца. Прынамсі, пры цяперашнім складзе беларускага парлямэнту, таму што для гэтага неабходна радыкальна зьмяніць яго самога”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG