Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 19 ЛІСТАПАДА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Чырвоная змена”, 1933 год. Ліст прэзыдэнта ПАЗШ Рузвэльта народнаму камісару СССР у замежных справах Літвінаву:

“Мой дарагі гаспадзін Літвінаў, я надзвычай шчасьліў паведаміць Вас, што ў выніку нашых з Вамі гутарак урад ПАЗШ парашыў устанавіць нармальныя дыпляматычныя адносіны з урадам СССР і абмяняцца зь ім пасламі”. Максім Літвінаў адказвае: “Мой дарагі гаспадзін прэзыдэнт! Я таксама падзяляю надзею, што адносіны, цяпер устаноўленыя паміж нашымі народамі, змогуць назаўсёды заставацца нармальнымі і прыяцельскімі, і што нашы народы і надалей змогуць супрацоўнічаць для сваёй узаемнай карысьці і для захаваньня міра ва ўсім сьвеце. Прыміце і інш.”.

“Витебский курьер”, 1993 год:

“Дзяржтранспарт, здаецца, прыехаў. У мінулыя выходныя віцябляне рэальна адчулі подых эканамічнай катастрофы, у якую трапіла рэспубліка. У суботу транспарт працаваў да 21 гадзіны, у нядзелю — да 22-й. Аўтобусьнікі ня маюць грошай на бэнзын, ТТУ няма чым разьлічвацца за энэргарэсурсы. Падобная карціна назіраецца і ў Полацку. Там ад 9 да 12-ці транспарт ня ходзіць у любы дзень, працоўны ён ці выходны. Ня ходзіць ён у Полацку і да 22.00. Пакуль транспартнікі думаюць, дзе ўзяць грошы на заробкі рабочым, у кабінэтах улады сур’ёзна вырашаецца пытаньне аб пераводзе транспарту на рэжым працы ў “гадзіны пік” і ня больш”.

“Прессбол”, 1993 год. А.Барысевіч піша пра футбаліста Аляксандра Пракапенку:

“Ён пайшоў трагічна недарэчна, нязграбна… Нібыта сышоў на першы паверх за ранішняй газэтай, у блізкую краму за хлебам — і зьнік. Пайшоў, так і не вызначыўшыся ў сваім новым, пасьляфутбольным жыцьці, спыніўся на хісткай кладцы паміж мінулым і будучыняй. Разам з усёй краінай. Ён як бы і быў дакладным зьлепкам яе, краіны, дзе нарадзіўся ў год сьмерці Сталіна і памёр у год, калі ў рэанімацыйнай памерам у 1/6 частку сушы ішлі цяжкія пасьляперабудоўныя роды і дэмакратыя, свабода, сувэрэнітэт аддзіраліся ад таталітарызму з гвалтам і крывёю. Скальпэлем і градабойнымі гарматамі. Ужо ўсе ведалі, што так жыць нельга, але… амаль ніхто — як трэба і можна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG