Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 18 ЛІСТАПАДА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Сталинская молодежь”, 1953 год:

“Сёлета калгас імя Жданава Целеханскага раёну вырасьціў высокі ўраджай усіх сельскагаспадарчых культураў. Значнае разьвіцьцё ў арцелі набыло каноплеводзтва. Павелічэньне пасеваў гэтай тэхнічнай культуры адбылося за кошт асушэньня тарфянікаў. На вырошчваньні каноплі было занята сем маладзёвых зьвеньняў. Дзякуючы руплівай працы, строгаму сьледаваньню агратэхніцы камсамольска-маладзёвыя зьвёны сабралі па 9 цэнтнэраў насеньня каноплі з кожнага гектару і 7 цэнтнэраў валокнаў, а зьвяно Алены Верыч — 10 цэнтнэраў насеньня і 8 цэнтнэраў валокнаў з кожнага гектара. За здадзенае дзяржаве насеньне каноплі калгас атрымаў 40 тысяч рублёў, 18,5 тоны пшаніцы, 910 кіляграмаў цукру і 2800 кіляграмаў жмыху”.

“Звязда”, 1973 год:

“Многа існуе мер заахвочваньня рабочых і служачых на будаўніцтве нафтаперапрацоўчага заводу. Паездкі па гарадах краіны, бясплатныя пуцёўкі ў дамы адпачынку і санаторыі, грашовыя прэміі, каштоўныя падарункі, граматы, падзякі. У мінулым годзе дырэкцыя ўзводзімага заводу і адміністрацыя трэсту разам з аб’яднаным пабудкомам распрацавалі і аб’явілі ўмовы спаборніцтва, у якіх, апрача іншых узнагарод, прадугледжана ўручэньне ордэраў на кватэры. Атрымаюць іх тыя, хто выйдзе пераможцам па выніках году на асабліва важных аб’ектах. Летась ордэр быў уручаны брыгадзе Яўгена Шэцькі. Чатырохпакаёвую кватэру на агульным сходзе брыгады вырашана было даць лепшаму бэтоншчыку Альбэрту Кламэру”.

“Звязда”, 1993 год. Валянцін Жданко гутарыць з дэпутатам Аляксандрам Лукашэнкам, які гаворыць:

“Будучыня Беларусі ў цесных сувязях з Расеяй. І я перакананы, што рана ці позна граніца паміж намі зьнікне — гэтага хочуць не асобныя палітыкі, а народы нашых рэспублік. Неабходнасьць у цесным дзяржаўным аб’яднаньні існуе і будзе існаваць, бо СНД аказалася няжыцьцяздольнай структурай. Магчыма, пакуль што, да выбараў у Маскве, гаварыць пра гэта нясвоечасова, але я перакананы, што ў хуткім часе пытаньне зноў усплыве. Іншага шляху няма. Не ў Балтыйска-Чарнаморскую садружнасьць жа аб’ядноўвацца, аб якой трызьніць БНФ. А калі ў некага ёсьць сумненьні — што ж, можам высьветліць думку народу, у саюзе з кім бачыць ён сваю будучыню”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG