Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 17 ЛІСТАПАДА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Бацькаўшчына”, 1953 год:

“Пайменна, менская “Зьвязда” за 18 кастрычніка паведаміла, што цэнтральны камітэт камуністычнай партыі Беларусі прыняў пастанову “Аб шэфстве прамысловых прадпрыемстваў і ўстаноў над МТС і калгасамі рэспублікі”. Гэта значыць, што кожная хвабрыка й завод Беларусі пяройме шэфства над аднэй МТС, а паасобныя цэхі гэтых прадпрыемстваў — шэфства над кажным калгасам. Што такія шэфствы абазначаюць, нашыя людзі, што пабывалі пад Саветамі — добра ведаюць. Яны абазначаюць тое, што прадпрыемствы будуць выконваць функцыі новых прыганятых, прымушаючы калгасьнікаў выконваць і перавыконваць наложаныя на іх непасільныя нормы й пляны”.

“Вечерний Минск”, 1983 год:

“Актыўна, на высокім арганізацыйным узроўні прайшла падпіска на пэрыядычныя выданьні на 1984 год сярод рабочых і інжынэрна-тэхнічных работнікаў вытворчага аб’яднаньня “Інтэграл”. Гэтаму адпавядала перш за ўсё штодзённая мэтанакіраваная праца грамадзкіх распаўсюднікаў, у выніку чаго значна ў параўнаньні зь мінулым годам вырасла падпіска на многія цэнтральныя і рэспубліканскія газэты і часопісы. Праведзеная падпісная кампанія станоўча ацэненая Кастрычніцкім райкамам партыі, а за актыўную работу па прапагандзе і распаўсюду газэты “Правда” партыйны камітэт аб’яднаньня ўзнагароджаны Ганаровай граматай рэдакцыі”.

“Рэспубліка”, 1993 год:

“Фае перад авальнай заляй завешаная лістамі вэтэранаў. Пісьмы, заявы, выпіскі з пратаколаў пасяджэньняў… І ва ўсіх лістах звароты да Вярхоўнага Савету перагледзець дзяржаўную сымболіку Беларусі, якая, на іх думку, павінна быць іншай. Група жыхароў Горадні даслала свае праекты герба і сьцяга. Іх герб нагадвае былы беларускі. Чырвоныя стужкі перавязваюць жыта з канюшынай і дубовыя галінкі. Пасярэдзіне — раскрытая кніга, на якой серп і молат. Сьцяг жа складаецца з трох палос — блакітнай, чырвонай і зялёнай. Дэпутаты аднесьліся да гэтага ня вельмі прыязна. Зянон Пазьняк, напрыклад, толькі паківаў галавой. Дасланы і праект герба, на якім намаляваны бык. “Лепш бы ўжо карова, — заўважыў адзін з дэпутатаў. — Яна хоць малако дае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG