“Чырвоная змена”, 1933 год:
“Рабочымі і калгасьнікамі Беларусі атрымана яшчэ адна з буйных перамог. 5-га лістапада а 23 гадзіне у тэрмін устаноўлены ўрадам уступіў у строй самы магутны і найбольш мэханізаваны ў Саюзе Гомельскі шклозавод. Гэта перамога атрымана на аснове генэральнай лініі партыі пад непасрэдным кіраўніцтвам яе ленінскага ЦК і таварыша Сталіна. На заводзе адбыўся вялікі мітынг… Мітынг прыняў пастанову хадайнічаць перад урадам аб прысваеньні заводу імя тав. Сталіна. Прэміяваны лепшыя ўдарнікі: будаўнікі, праектыроўшчыкі, а таксама падшэфны кавполк, гомельскія заводы: “Пролетарый”, “Рухавік Рэвалюцыі” і электрастанцыі”.
“Культура”, 1993 год:
“7 лістапада ў Менскім Лінгвістычным унівэрсытэце адбыўся фэстываль “Рок супраць рэвалюцый”. Вядучы, Віталь Сямашка зь “Беларускай маладзёжнай”, падкрэсьліў, што назва фэсту ня мае па сабе клічніка. Сапраўды, рок-музыка сама ёсьць сродкам псыхалягічнай, сэксуальнай, а ў нашым выпадку — і нацыянальнай рэвалюцыі. Гэтая дзьвюхсэнсоўнасьць, вядома, не датычыць тых, для каго мастацтва ператварылася ў камэрцыю. Падчас усяго фэстывалю над заляю луналі нацыянальныя сьцягі. Сцэну “аздабляла” выява таварыша Леніна з электрагітарай у руках”.
“Рэспубліка”, 1993 год. Барыс Стральцоў пра сустрэчу салдат былога вэрмахту з вэтэранамі савецкай арміі ў Віцебску і тое, як немцы сабралі грошы для сваіх былых праціўнікаў:
“Міласьціну бярэ галодны. Але ж не такія мы галодныя, нават у сёньняшняй калатнечы, пры непрадказальнай, нямоглай і няўцямнай палітыцы. Тут нешта іншае, больш глыбокае, зьвязанае, на маю думку, з мэнталітэтам нацыі. Боязна, прыкра, страшна вымавіць гэта, але мы — уніжаная нацыя. Уніжэньне для нармальнага чалавека — страшная кара; стан уніжанасьці для нацыі, для цэлай дзяржавы — найвялікшая трагедыя”.