Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 7 ЛІСТАПАДА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Белорусский кооператор”, 1923 год. Паведамленьне зь Петрыкава:

“Цяпер заканчваюцца апэрацыі адпраўкі Кіеўскаму губсаюзу вадой транспарту журавінаў на 1000 пудоў, для гэткай мэты набыта на сродкі каапэрацыі свая бэрліна. Нарыхтоўка журавінаў зробленая ў кампаніі з суседнімі спажыўтаварыствамі і нашым сельскагаспадарчым таварыствам, дзеля чаго быў арганізаваны свайго роду каапэратыўны “трэст”. Пасьля адпраўкі журавінаў пачнуцца работы гэтага ж “трэсту” па нарыхтоўцы дроваў… Адначасова з гэтым мясцовае сельскагаспадарчае таварыства ўзяло ў арэнду рыбныя промыслы на Прыпяці й пачынае транспартаваць рыбу ў Менск. Горда лунае сьцяг каапэрацыі на камандных вышынях у гаспадарчым жыцьці нашага шумнага і шматлюднага мястэчка. На страх ворагам!”

“Вечерний Минск”, 1973 год. Паэт Адам Русак, верш “У нас сёньня сьвята”:

“У нас сёньня
Вялікае сьвята,
Гасьцямі пачэснымі
Поўніцца хата.
Крамлёўскія зоры
Нам даль асьвяцілі,
Наш край беларускі
Ярчэй азарылі.
За клопат бацькоўскі
Айчыны свабоднай
Прыносім падзяку
Мы партыі роднай.
На новы нас подзьвіг
Заве ўзнагарода,
Ня стомяцца рукі
Для шчасьця народа.
З табою, Расія,
Любоўю сардэчнай
Народ беларускі
Зьяднаны навечна”.

“ЛіМ”, 1983 год. Крытык Серафім Андраюк піша пра выданьне 4-томнага збору твораў Васіля Быкава:

“Тыраж кожнага тома — 76 тысяч экзэмпляраў. Упершыню на беларускай мове збор твораў выходзіць такім тыражом. Гэта — неабвержнае сьведчаньне агромністай папулярнасьці творчасьці народнага пісьменьніка ў нашай рэспубліцы… Зборы твораў бываюць розныя. Іх характар прадвызначаецца характарам творчасьці пісьменьніка… Збор твораў Васіля Быкава ўспрымаецца менавіта так — як адзінае цэлае, як глыбока непаўторны мастацкі сьвет. Цяпер, калі ўсе, па сутнасьці, творы пісьменьніка сабраныя разам і могуць прачытацца і ацэньвацца разам, добра відаць, як глыбока і моцна яны зьвязаны паміж сабою, якое арганічнае ідэйна-мастацкае адзінства ўтвараюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG