Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 27 КАСТРЫЧНІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Беларуская газэта”, 1943 год:

“З днём 1-га лістапада 1943 году ўваходзіць у моц распараджэньне Гэнэральнага Камісара ў Менску, якое рэгулюе прадстаўніцтва і кансультацыі мясцовага жыхарства ў праўных справах. Паводля гэтага распараджэньня, на тэрыторыі Гэнэральнага Камісарыяту Беларусі дазваляецца ў межах патрэбы заснаваньне мясцовай адвакатуры і праўнае кансультацыі пад назовам “Беларускіх адвакатаў” або “Беларускіх праўных кансультантаў”. Адвакаты будуць пакліканы Гэнэральным Камісарам на прапанову адпаведных гэбітскамісараў. Зразумела, што да адвакатуры будуць дапушчаныя толькі асобы палітычна пэўныя, з адпаведнай асьветаю і культурай, якія даюць гарантыю, што яны будуць працаваць на карысьць нямецкае ўлады”.

“Вячэрні Мінск”, 1973 год:

“Работнікі прамысловасьці Беларускай ССР сустракаюць 56-ю гадавіну Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі новымі працоўнымі перамогамі. Яны датэрмінова, 26 кастрычніка, выканалі плян 10 месяцаў трэцяга, вырашальнага году дзявятай пяцігодкі. Згодна з папярэднімі зьвесткамі, прырост прамысловай вытворчасьці ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году склаў 10 адсоткаў, прадукцыйнасьць працы павялічылася на 8 адсоткаў. Да канца кастрычніка звыш пляну будзе выраблена значная колькасьць мінэральных угнаеньняў, хімічных валокнаў, плястычных масаў і сынтэтычных смолаў, камбікармоў, прыбораў і сродкаў аўтаматызацыі, розных машынаў, паперы, кардону, посуду з чыгуна, парцаляны і фаянсу, тканінаў, трыкатажных вырабаў, мясных і малочных харчоў, цукру-пяску і кандытарскіх тавараў”.

“Народная газета”, 1993 год. Начальнік упраўленьня КГБ па Гарадзенскай вобласьці Л.Сьцепаненка зьвяртаецца да народнага дэпутата А.Лукашэнкі:

“Да пытаньня пра Вашу кампэтэнтнасьць у праблемах нашай дзейнасьці. Уявіце сабе, што ў саўгас, якім Вы да нядаўняга часу кіравалі, прыехаў бы я і пачаў вучыць Вас і Вашых спэцыялістаў, як сеяць, даіць кароў і лягчаць бычкоў. Што б Вы пра мяне падумалі? Чаму ж Вы, не зьяўляючыся спэцыялістам, спрабуеце павучаць нас? Мы ж таксама прафэсіяналы, нас вучылі ў спэцыяльных навучальных установах, па адкрытых і закрытых для шырокага карыстаньня падручніках, якіх Вы і ў руках не трымалі. Прабачце, але Вашыя парады часам сьмешныя для нас… Вашыя заявы з гэтай нагоды — чыстая дэмагогія, разьлічаная на неабазнаных, для ўзьняцьця дутага аўтарытэту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG