“Камунар Магілеўшчыны”, 1933 год:
“Кучы гною, бруда, сьмецьця магчыма заўсёды ўбачыць па ўсёй плошчы Магілеўскага вакзала. Усё гэта тлумачыцца тым, што адміністрацыя вакзала ня лічыць абавязковым выконваць пастановы ўрада па пытаньні санітарнага аздараўленьня горада, лічыць, што праводзімы сталінскі паход яе не датычыцца. Адміністрацыя вакзала, у прыватнасьці начальнік станцыі т.Буры і намесьнік т.Яцэвіч лічаць дробязьзю факты антысанітарыі, становішча вакзала і акаляючай яго тэрыторыі. Яны лічаць таксама дробязьзю факты адсутнічаньня сьвятла на вакзале, што дапамагае там разьвіцьцю хуліганства, кражы і інш. Парт’ячэйцы і мясцкому станцыі патрэбна зараз-жа шырока разгарнуць работу па сталінскім паходзе, уцягваючы шырокія масы рабочых, прывёўшы вакзал у належны парадак”.
“Беларуская газэта”, 1943 год:
“Беларуская Настаўніцкая сэмінарыя ў Наваградку выдала першы сшытак (за месяц верасень) свайго школьнага часапісу “Покліч”. У зьмесьце: уступнае слова Наваградзкага акруговага камісара сп.Траўба, вершы і апавяданьні сэмінарыстаў, апавяданьні Андрэя Чэмера, А.Анішчыка, і інш. Часапіс мае 24 балоны. У бліжэйшых нумарох нашае газэты пададзём падрабязьнейшую рэцэнзію на гэты цікавы і варты увагі ды перайманьня пачын”. Тут жа паведамляецца, што ў друку знаходзяцца яшчэ два новыя часопісы: “Жыве Беларусь” для кіраўнікоў СБМ і “Беларус на варце” — выданьне для беларускай паліцыі”.
“Звязда”, 1993 год:
“Прэзыдэнт менскага цэнтру Міжнароднага таварыства сьвядомасьці Крышны Майтрэя Дас 20 кастрычніка накіраваў адкрытае пісьмо кіраўніку беларускага парлямэнту Станіславу Шушкевічу. У ім выказваецца пратэст з прычыны прад’яўленага пракуратурай іску крышнаіцкай абшчыне аб спыненьні яе дзейнасьці. Гэты іск быў прад’яўлены на падставе заключэньня спэцыялістаў Інстытута філязофіі і права Акадэміі навук Беларусі, якія назвалі крышнаіцкую рэлігію “прадуктам ідэалягічнай экспансіі і духоўнай агрэсіі”. Раней 11 членаў індыйскага парлямэнту ўжо зьвярталіся да беларускага парлямэнту з гэтай прычыны. “Мы — ня сэкта. Мы — прадстаўнікі старажытнай рэлігіі, — сказана ў лісьце. — Мы просім прыняць меры для спыненьня вандалізму”.