Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 16 КАСТРЫЧНІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“ЛіМ”, 1933 год:

“Мы павінны мець на ўвазе, што клясавы вораг спрабуе зараз дзейнічаць ціхай сапай, спрабуе знутры, не ўзаметку парушыць агульную работу, зьбіць з правільнага шляху, затармазіць далейшы рост беларускай совецкай літаратуры, падарваць працэс перабудовы (…). Тут і спробы агульнага ахайваньня ўсяе творчасьці пісьменьнікаў-комуністаў, правакацыйныя спробы перасварыць паасобных пісьменьнікаў, тут штаб-кватэры розных плётак, правакацыйных чутак і вымыслаў. Калялітаратурнае балота папаўняецца халтуршчыкамі, прыспасабленцамі розных масьцей і катэгорый. Задача аргкамітэта і ўсяе літаратурнае грамадзкасьці правесьці рашучую большэвіцкую барацьбу з гэтай формай клясава-варожых уплываў на кадры пісьменьнікаў”.

“Беларуская газэта”, 1943 год:

“Із згоды Генэральнага Камісара Беларусі Беларуская Самапомач выпусьціла ў розыйгрыш першую сэрыю бліскавічнае лётарэі. У розыйгрышы 500000 лёсавых білетаў. Білет каштуе толькі адну рэйхсмарку. Выйгрышы грашовыя. Вызначаныя выйгрышы наступныя ў рэйхсмарках: 0,5, 1, 2, 5, 10, 20, 100, 200, 500, 1000. Білеты гэтае лётарэі будуць прадавацца па ўсёй тэрыторыі Беларусі, якая падпарадкоўваецца Генэральнаму Камісарыяту. Прыбытак ад лётарэі пойдзе на дапамогу сіротам, уцекачом, адзінотным старым, інвалідам, шматсямейным і іншым, якія патрабуюць дапамогі. Заклікаем усё грамадзтва да дружнага ўдзелу ў лётарэі”.

“Советская Белоруссия”, 1983 год:

“Няхай жывуць Саветы народных дэпутатаў — сапраўдныя дэмакратычныя органы ўлады! Няхай жывуць савецкія прафсаюзы — школа кіраваньня, школа гаспадараньня, школа камунізму! Працаўнікі сельскай гаспадаркі! Змагайцеся за ўзорнае правядзеньне зімоўкі быдла! Дзеячы літаратуры і мастацтва, работнікі культуры! Высока нясіце сьцяг камуністычнай ідэйнасьці, партыйнасьці і народнасьці! Брацкае прывітаньне змагарам за свабоду, дэмакратыю і сацыялізм, якія пакутуюць у фашысцкіх засьценках! Свабоду вязьням імпэрыялізму і рэакцыі! Мацуйце салідарнасьць са справядлівай барацьбой арабскага народу Палестыны! Ганьба ізраільскім і амэрыканскім агрэсарам!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG