“Віцебскі пралетары”, 1933 год:
“Упершыню ў цэхах панчошнай фабрыкі імя Клары Цэткін было вывешана мэню абеду. 2 кастрычніка работніцы ў цэхах чыталі, якое мэню будзе 3 кастрычніка. На сьценцы вісела маленькая паперка, на якой рукой повара было напісана: суп бульбяны — 25 кап.; гуляш з бульбяным пюрэ — 61 кап.; гуляш са збоем з бульбяным пюрэ — 50 кап.; бульбяное пюрэ са сьмятанай для ІТР — 18 кап.; суп бульбяны з салам — 38 кап.; галубцы з бульбяным пюрэ — 1 руб. 05 кап. Чытаючы гэтае мэню, кожная работніца выбірала, што ёй падабаецца для абеду. Гэта быў першы дзень увядзеньня ў сталовай фабрыкі паблюднай сыстэмы ў парадку падрыхтоўкі да канфэрэнцыі кухараў і рабочага кантролю”.
“Советская Белоруссия”, 1963 год. Рабочы Менскага аўтазаводу Ваўчок па сутнасьці даносіць на суседзяў:
“Мы бачылі, як хапугі мяхамі бралі ў краме крупы, муку, хлеб і кармілі гэтым быдла. Цяпер быццам бы больш строга з гэтай справай зрабілася. Ды не зусім. У Менску па вуліцы Алтайскай, 178-а, жыве грамадзянка Шульга Тацяна. Яна адкарміла дзьвюх сьвіней, трох коз, 15 гусей, 20 курэй. Мяхамі цягае хлеб — бо цэлую фэрму трымае! Шульга яшчэ і кватарантаў мае. Як паразыт, прысмакталася яна да здаровага арганізму нашага грамадзтва і, палец на палец не паклаўшы, жыве прыпяваючы. Па гэтай жа вуліцы ў доме 170-б жыве яшчэ адзін хапуга Паўлюс. У яго дзьве сьвіньні, тры казы, 20 курэй і столькі ж гусей. Хацелася б, каб работнікі міліцыі зазірнулі і ў двор дому №174. Паглядзелі б, якога парсюка выкарміў хлебам Мікалай Міфодзеў!”
“Вечерний Брест”, 1993 год:
“Усё цячэ, усё зьмяняецца. І ня толькі кошты, але і асартымэнт тавараў. Возьмем тое ж сала. Яшчэ сьвежыя ў памяці кожнага ўспаміны пра тое, калі ад яго ламіліся прылаўкі ў крамах. Цяпер жа… І рады быў бы купіць, ды толькі вось з крамаў яго быццам карова зьлізала. А на рынку кошты — ого! Сёньня звыклай справай зрабілася, што пасьля польскабазарных выправаў вяртаюцца часьцей не з тайляндзка-кітайскім шырспажывам і нават не з далярамі, а зь мяхамі, набітымі… салам. А ці ж даўно нашыя мытнікі зьбівалі ногі, замінаючы вывозіць з нашай рэспублікі танныя харчы ў Польшчу? Цяпер многія зь іх таньнейшыя там”.