“Віцебскі пралетары”, 1933 год:
“Віцебскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут абвяшчае прыём на падрыхтоўчыя курсы. На курсы прымаюцца асобы, якія скончылі 9-годку, вячэрнія рабочыя школы ўзвышанага тыпу, пэдкурсы, а таксама і тыя, якія маюць няпоўную сярэднюю адукацыю. Апрача груп з выкладаньнем на беларускай мове, пры курсах будуць арганізаваныя нацыянальныя групы з выкладаньнем на расейскай і яўрэйскай мовах. Заняткі пачнуцца 1 кастрычніка. Курсанты забясьпечваюцца інтэрнатам і стыпэндыяй”.
“Советская Белоруссия”, 1983 год:
“Сёньняшні дзень не пазначаны ў календары чырвоным колерам, але вось ужо ў трэці раз грамадзкасьць адзначае прафэсійнае сьвята — Дзень прапагандыста. Па ўсёй рэспубліцы ў гэтыя перадкастрычніцкія дні пройдуць сустрэчы, урачыстыя сходы, прысьвечаныя віншаваньням вопытных арганізатараў палітвучобы. Дзень прапагандыста — гэта сьвята і баявы агляд перад новай дарогай. Віншуючы тых, хто мае дачыненьне да палітычнай адукацыі, жадаем ім творчага натхненьня, байцоўскага духу. З новым навучальным годам, таварышы! Посьпехаў вам у вашай адказнай і такой неабходнай людзям працы!”
“Витебский курьер”, 1993 год:
“Цыганоў на плянэце Зямля налічваецца прыкладна столькі ж, як і беларусаў, — больш за 10 мільёнаў. У Беларусі іх жыве больш як 12 тысяч. Сёньня, калі вялікае значэньне надаецца нацыянальнаму адраджэньню, нельга забывацца і на нацыянальныя меншасьці. Менавіта таму днямі ў Віцебску распачаў сваю дзейнасьць краязнаўчы клюб “Рома”. Клюб будзе прысьвячаць сваю дзейнасьць вывучэньню і прапагандзе самабытнай цыганскай культурнай спадчыны, умацаваньню сувязяў паміж цыганамі і беларусамі. Падобнае аб’яднаньне цыганаў пакуль адзінае на Беларусі, і невыпадкова яно зьявілася менавіта на Віцебшчыне: большасьць з буйных цыганскіх паселішчаў у гісторыі Беларусі знаходзілася менавіта на тэрыторыі нашай вобласьці. Тут жа быў створаны першы ў СССР цыганскі калгас “Новае жыцьцё”, у самім Віцебску цыганская сярэдняя школа працавала ў 30-я гады”.