Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 11 ВЕРАСЬНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Пачну зь “Минских губернских ведомостей”, якія ў 1853 годзе друкуюць такую абвестку: “Менскае Губэрнскае Праўленьне аб’яўляе, што ў ім, 16 Кастрычніка гэтага году, будзе адбывацца гандаль на аддачу ў падрад пабудовы ў г. Менску на гарадзкім пляцы гарадзкой грамадзкай лазьні з балеямі згодна з плянамі і каштарысамі, складзенымі Будаўнічай і Дарожнай Камісіямі, на якую пабудову вызначана 9451 руб. 45 кап. Ахвотнікі ўдзельнічаць у гандлі могуць зьявіцца на прызначаны тэрмін у гэтае Праўленьне”.

“Віцебскі пралетары” ў 1933 годзе інфармуе пра прыезд у Менск старшыні ЦВК СССР М.І.Калініна: “На пасяджэньні адбываючагася ў Менску Ўсебеларускага зьезду конюхаў-ударнікаў выступіў т. Калінін, сустрэчаны бурай аплёдысмэнтаў. Тав. Калінін адзначыў аграмаднае значэньне зьезду ў барацьбе за далейшую бальшавізацыю калгасаў у Беларусі, паказаў на значэньне правільнага і ўмелага спалучэньня ў калектыўнай гаспадарцы трактара і каня. “Трактар без каня,— сказаў т. Калінін,— ня можа даць патрэбнага эфэкта ў сельскай гаспадарцы”. На словы Міхаіла Іванавіча “Я веру ў рашымасьць лепшых калгасьнікаў конюхаў-ударнікаў Беларусі змагацца за моцнага каня” ўдзельнікі зьезду адказалі бурнымі ўзгалосамі адабрэньня”.

А вось “Вечерний Минск” у 1973 годзе паведаміў проста недапушчальную для тых часоў нацыяналістычную навіну: “Дні беларускіх нацыянальных страў адбываюцца на прадпрыемствах трэсту сталовых Першамайскага раёну па чацьвяргах і пятніцах. У гэтыя дні вы зможаце пакаштаваць беларускі боршч, малочную зацірку, бульбяны суп з салам, малочны суп з бульбянымі клёцкамі, мачанку з блінамі, бульбяныя піражкі з капустай, дранікі, бульбяную бабку, бульбяныя пампушкі, капусту, тушаную па-хатняму, піражкі беларускія зь мясам ды іншыя стравы. Менчукі й госьці сталіцы! Наведайце сталоўкі й рэстарацыі ў дні беларускіх нацыянальных страў!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG