Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 3 ВЕРАСЬНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Віцебскі пралетары” ў 1933 годзе дае слова ўчастковаму міліцыянту П.Алёхіну, які пад загалоўкам “Зьнішчыць элемэнты расхлябанасьці сярод вагонаважатых” піша: “Мной неаднакроць заўважалася, як паасобныя вагонаважатыя ў часе руху трамваю трацяць пільнасьць, займаючыся прыватнымі справамі. Лапухова ў часе руху вагона а 10 гадзіне 22 жніўня, пасадзіўшы на пярэднюю пляцоўку знаёмых хлопцаў, вяла зь імі любоўныя размовы, мала зварачваючы ўвагу на рух трамваю. Шаўрова 26 жніўня а 9 гадзіне раніцы ў часе руху трамваю, выпусьціўшы руль, займалася сваім туалетам. Іванова таксама няўважліва адносіцца да выконваемай ёю работы, а калі пасажыры ёй робяць заўвагі на астаноўках, яна адказвае матам. Расхлябанасьць вагонаважатых працягваецца, што пагражае небясьпецы руху”.

“Вечерний Минск” у 1973 годзе распавядае пра інтэрнацыялізм пад загалоўкам “Ташкент — горад кніжны”: “600 экспанатаў — кніг, альбомаў, буклетаў і кніжных ілюстрацыяў — убачаць наведвальнікі выставы кніг Узбэцкай ССР, якая пачынаецца сёньня ў Рэспубліканскім Доме работнікаў мастацтваў. Экспазыцыя складзена зь лепшых узбэцкіх выданьняў апошніх гадоў. Асобнае месца ў ёй аддадзена творам клясыкаў марксызму-ленінізму на ўзбэцкай мове, сэрыі выданьняў да 100-годзьдзя з дня народзінаў У.І.Леніна і 50-годзьдзя Савецкага Саюзу. Шмат кніг прысьвечана паўвекавому юбілею Ўзбэцкай ССР і Кампартыі Ўзбэкістану, які будзе адзначацца ў наступным годзе. Спадабаюцца менчукам прыгожыя выданьні на ўзбэцкай мове кніг беларускіх пісьменьнікаў — Я.Коласа, І.Шамякіна, В.Быкава, зборнікі народных казак і вершаў беларускіх паэтаў”.

“Голас Радзімы” на гэтым тыдні ў 1983 годзе інфармуе: “Факсымільным спосабам выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя” імя Петруся Броўкі ўзнавіла славуты “Словарь белорусского наречия” І.Насовіча, выпушчаны ў 1870 годзе. Яшчэ да выданьня гэтая праца была высока ацэнена вучонай грамадзкасьцю Расеі і ўдастоена Дзямідаўскай прэміі. Пра высокую вартасьць “Слоўніка” сьведчыць і тое, што вялікі пралетарскі пісьменьнік Максім Горкі, знаходзячыся на Капры, вельмі прасіў рэдакцыю “Нашай нівы” выслаць яму гэтую кнігу. Зь цягам часу “Слоўнік” І.Насовіча стаў унікальнай зьявай, бібліяграфічнай рэдкасьцю. І вось факсыміле з экзэмпляра, які знаходзіцца ў пісьменьніка Барыса Сачанкі. Прадмову да перавыданьня напісаў член-карэспандэнт АН БССР М.Суднік”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG