Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 2 ВЕРАСЬНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, год 1913, на гэтым тыдні адзначае: “Праваслаўная цэрква на Беларусі блізка сто гадоў ужо вядзе вайну з жывой мовай сваіх авец, выганяючы яе з цэрквы і школы. Каталікі мала, мала, але ўсё-ж такі маюць у народнай беларускай мове катэхізісы і богагласьнікі (кантычкі) і нават беларускую каталіцкую газэтку. Ксяндзы дзе-нідзе, але ўсё-ж такі на фэстах гавораць казаньня па беларуску. А што ў нас у праваслаўных робіцца для беларусоў, што ў нас ёсьць на народнай беларускай мове, чым нашы бацюшкі могуць захапіць душу беларуса? “Мне патрэбна ня мова, а малітва, — заканчвае сваю стацьцю Сухомскі епіскап Андрэй. — Маліцца ж у чужой мове ня можна”. Добра было б, каб духавенства каторае працуе на Беларусі зьвярнула ўвагу на слова епіскопа”.

“Знамя юности” ў 1983 годзе зьмясьціла загад камандуючага вайскова-спартовымі гульнямі “Бліскавіца” і “Арляня” генэрал-маёра Ф.Жаваранкава: “У пэрыяд ад 10 да 16 ліпеня 1983 году ў г. Бабруйску праходзіў рэспубліканскі фінал піянэрскай вайскова-спартовай гульні “Бліскавіца”, прысьвечаны 65-годзьдзю Ленінскага камсамолу. Усе каманды-ўдзельніцы фіналу паказалі высокія вынікі і годна прадставілі свае вобласьці й горад-герой Менск. Павысіліся майстэрства і ўзровень падрыхтоўкі юнармейцаў па ўсіх юнармейскіх спэцыяльнасьцях. Асабліва заўважны рост майстэрства ў такіх вырашальных відах, як стральба з малакалібэрнай вінтоўкі, фізычная падрыхтоўка. Лепшых вынікаў дамагліся юнармейскія атрады баталёнаў Новамышскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёну, Каменскай сярэдняй школы Бабруйскага раёну, сярэдняй школы №11 г. Гродна”.

У “Звязьдзе” за 1993 год зьвяртае на сябе ўвагу інфармацыя з Івацэвіцкага раёну пад загалоўкам “Санітары лесу” і “гуманісты”: “Апошнім часам падзеі ў ім ўсё часьцей становяцца здабыткам рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі. У пасёлку Быцень старшыня мясцовага савету А.Фіранчук і мясцовы сьвятар айцец Рыгор (у сьвеце Р.Філіпчук) пад выглядам санітарнай высечкі пачалі піліць зусім ня хворыя хвоі на мясцовых могілках. У выніку работы “санітараў” падаючы дрэвы пашкодзілі некалькі магілаў. Яшчэ адзін сюрпрыз паднёс Любішчыцкі сельсавет, які нядаўна ўвёў пакараньне… розгамі. Імі будуць публічна карацца падлеткі абодвух палоў, што правініліся ў той ці іншай ступені. І хаця раённыя ўлады ўспрынялі гэтае рашэньне нэгатыўна, спрабуючы заклікаць жыхароў Любішчыцаў да гуманізму, самі сяльчане задаволеныя — на вуліцах стала значна спакайней”.
XS
SM
MD
LG